Алег Трусаў пра гісторыю ўзбуйнення тэрыторыі БССР
95 гадоў таму Расейская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка перадала ў склад Савецкай Беларусі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Гэта было другое ўзбуйненне пасля 1924 году – падзея, якая істотна паўплывала на веру ў слушную нацыянальную палітыку бальшавікоў.
Наш карэспандэнт пагутарыў з „Госцем Рацыі” грамадскім дзеячам Алегам Трусавым.
РР: У 20-х гадах для бальшавіцкай Расеі Беларусь выглядала, як аб’ект і часовая гульня?
– Не трэба забываць, што ў Савецкім Саюзе, які пражыў 70 гадоў, кожныя 10-15 гадоў мянялася палітычная, эканамічная сітуацыя. Напрыклад, Савецкі Саюз у часы НЭПу, гэта не такі Саюз, як у часы Сталіна, сталінскіх рэпрэсій, калектывізацыі. Напрыклад, хрушчоўскі Савецкі Саюз зусім не такі, як брэжнеўскі. Адпаведна ў гэтыя перыяды адносіны да так званых саюзных рэспублік і ўсіх народаў, якія былі на тэрыторыі СССР, кардынальна мяняліся. У часы НЭПу па ўсяму Савецкаму Саюзу праводзілася каранізацыя і нацыяналізацыя мясцовых кадраў. Ствараліся нацыянальныя школы, выдавецтвы. У Расеі ствараліся нацыянальныя акругі, рэспублікі. У гэты час БССР мела магчымасць праводзіць нацыянальную палітыку. Беларускія нацыянал-камуністы, якія кіравалі Беларуссю, дабіліся двух так званых узбуйненняў Беларусі. Паступова вярталіся тыя тэрыторыі, якія былі забраныя ў Расейскую Федэрацыю. Першае ўзбуйненне, як вы ведаеце 1924 год, а другое ў 1926 годзе. У 1928 годзе беларускія бальшавікі планавалі трэцяе ўзбуйненне і вялі перамовы з кіраўніцтвам Савецкага Саюзу, каб далучыць яшчэ некаторыя раёны Смаленшчыны, Пскоўшчыны і Браншчыны. Нават друкавалі гэтыя мапы ў „Звяздзе”, вялі перамовы з Калініным. 1928 год – гэта была спроба трэцяга ўзбуйнення. Але кардынальна мяняецца палітыка, Сталін канчаткова захапіў уладу, адмяняецца НЭП, пачынаюцца масавыя сталінскія рэпрэсіі і вялікі ўдар па ўсяму нацыянальнаму быў нанесены на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюзу і асабліва на тэрыторыі БССР.
РР: На вашу думку, якая задача стаяла ў Савецкай Расеі? Стварэнне буферу?
– Так, менавіта такім буферам і была ССРБ – першая спроба стварыць савецкую Беларусь у пачатку 1919 года. Дарэчы, тэрыторыя ССРБ была такая ж, як тэрыторыя БНР абвешчаная ў 1918 годзе. Але потым, калі пачалася вайна з Польшчай, то стварылі „савецкае ВКЛ”, жартую. Гэта Літбел – літоўска-беларуская савецкая рэспубліка са сталіцай у Вільні. Але гэтую рэспубліку разбілі польскія войскі і цалкам яе акупавалі. Калі выгналі палякаў з Менску, то тады зноў стварылі маленькую БССР з шасці паветаў, такі маленькі буфер. Але пасля Рыскай мірнай дамовы звярнулі ўвагу на тую маленькую БССР і сталі яе рабіць сімвалам для беларусаў, якія трапілі ў Польшчу, таму тут беларусізацыя праводзілася даволі актыўна. У той час, пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 годзе, пачалося знішчэнне ўсяго беларускага. У Заходняй Беларусі дзейнічала рабоча-сялянская „Грамада”, самая вялікая партыя тагачаснай Еўропы, дзейнічалі падпольны Камсамол, Кампартыя Заходняй Беларусі. Прапаганда паказвала, як добра жывецца ў БССР, дзе і ўніверсітэт па-беларуску і школы, а як кепска беларусам у панскай Польшчы. Такая палітыка была даволі эфектыўнай. Вельмі шмат беларускіх камуністаў, камсамольцаў уцякалі ў БССР да лепшага жыцця, а потым аўтаматычна траплялі ў сталінскія лагеры, як польскія шпіёны.
РР: Якія перавагі атрымала Беларусь ад узбуйнення?
– Трэба сказаць, што канешне гэтая маленькая Беларусь у 1920 годзе – гэта шэсць паветаў Менскай губерні, гэта было насельніцтва 1,5 мільёна чалавек. Канешне такая маленькая тэрыторыя ўнутры этнічнага абшару Беларусі ніколі не магла прэтэндаваць на нейкую незалежнасць. Эканамічна развівацца ў такіх умовах немагчыма. Бальшавікі пачалі паказваць, што калі вы хочаце, каб мы былі прывабнымі для заходніх беларусаў і наогул камуністаў, то нам нам трэба павялічваць сваю тэрыторыя. Яны дабіліся спачатку першага вялікага ўзбуйнення, калі значную частку Віцебшчыны і ўсю Магілёўшчыну далучылі да БССР у 1924 годзе. Сюды трапіў Полацк, Магілёў, Віцебск і іншыя гарады. У 1926 годзе вялікі горад Гомель і таксама даволі буйны горад Рэчыца. Калі пасля двух узбуйненняў колькасць людзей значна, то паўсюдна сталі стварацца беларускія школы. Стала развівацца па-беларуску. З’явіліся маладыя беларускія пісьменнікі. Нацыя пачала вельмі актыўна фармавацца. Да 1929 года гэта фармаванне, хоць і пад савецкім сцягам, ішло даволі актыўна.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя