Алег Трусаў: Праз пару гадоў будзем на адкрыцці Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта



У Міжнародны дзень роднай мовы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў пра беларусізацыю ў краіне.

Фота tut.by

Алег Трусаў: У апошні час зрухі на шляху да беларусізацыі, безумоўна, ёсць. Сёння АНТ абвясціла пра тое, што наша краіна піша вялікую беларускую дыктоўку. Абвясціла пра тое,  што Таварыства беларускай мовы распачало яшчэ дзесяць гадоў таму. А зараз гэта праводзіцца на дзяржаўным узроўні, і пра юбілейную дыктоўку распавядаюць дзяржаўныя СМІ. Дыктоўку пішуць (альбо ўжо напісалі) у многіх раёнах, у школах і ўніверсітэтах… Гэта не можа не радаваць.

РР: Член-карэспандэнт Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец таксама прапанаваў меры па падтрымцы беларускай мовы…

Алег Трусаў: Лукашанец казаў і раней пра гэтыя меры, проста яму слова не давалі. А зараз далі. Мы ж, дарэчы, вярнулі таксама Інстытут мовы і літаратуры. Памятаеце, як ліквідавалі гэтую назву, і колькі мы за гэтую назву ваявалі? Вось яшчэ адзін прыклад таго, пра што мы кажам.

РР: Ці рэальна, што ў краіне з’явіцца і Беларускі нацыянальны ўніверсітэт?

Алег Трусаў: Абсалютна рэальна. Думаю, праз некалькі гадоў мы з вамі будзем на яго адкрыцці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя