Алег Трусаў: Яго адыход – вялікая страта для нашай культуры



На 92 годзе жыцця памёр прафесар, гісторык Леанід Лыч, даўні сябра ТБМ, кіраўнік тапанімічнай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 1992-1996 гадоў.

Пасля сябе пакінуў багатую публіцыстычную і навуковую спадчыну.

Пра яго кажа археолаг, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Алег  Трусаў:

– Ён адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай  мовы, ён быў у кіраўніцтве ТБМ шмат гадоў, Радзе ТБМ. Актыўна падтрымліваў і Гілевіча, і Бураўкіна, і іншых кіраўнікоў ТБМ.  Актыўна выступаў на розных культурніцкіх акцыях. Гэты чалавек быў вельмі значны для нашай  культуры адраджэння. Вядома, што яго адыход – гэта вялікая страта для нашай культуры.

Апошнія дзесяцігоддзі шмат публікацый Леанід Лыч прысвяціў абароне беларускай мовы і культуры.

Якуб Сушынскі,  Беларускае Радыё Рацыя