Алег Ёрш: Шукаю для музея новае месца



У Гародні з-за падвышэння арэнднай платы спыніў сваё існаванне “Цікавы музей”. Гэтая прыватная экспазіцыя паспела папрацаваць на вуліцы Давіда Гарадзенскага толькі 4 гады.

Пра свой музей распавядае яго заснавальнік Алег Ёрш:

– „Цікавы музей” быў альтэрнатывай традыцыйным музеям. Музей быў крыху інтэрактыўны, там можна было пакратаць, памацаць, пагутарыць, паслухаць экскурсію, атрымаць добрыя ўражанні. У музеі было каля 6 калекцый: калекцыя прасаў, падшклянак. Была раскрыта тэма кухні, механізмы і прыстасаванні канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя. Усе механізмы, якія выкарыстоўваюцца як памочніцы гаспадыні.

Па словах Алега Ярша, рэчы з музея, а гэта каля 600 экспанатаў, прыдзецца недзе складаваць:

–  Пакуль паляжаць на складзе. Паступіла некалькі цікавых прапановаў. Цяпер іх разглядаю. Якія мне будуць найбольш цікавымі і падрыхтаванымі, над тымі прапановамі будзем і працаваць.

Зараз у Алега Ярша  застаўся толькі невялічкі праект – бар-музей на вуліцы Тэлеграфнай. Бар мае назву “На провадзе”, і ў ім, як у музеі,  можна пазнаёміцца з гісторыяй тэлефоннай сувязі на Гарадзеншчыне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча