Алегу Бембелю (Знічу), цяпер айцу Іаану – 75!
Сёння спаўняецца 75 год вядомаму паэту ды філосафу Алегу Бембелю, які выступаў пад паэтычным псеўданімам Зніч. Бліскучы пачатак кар’еры таленавітага навукоўцы ў 80-х быў перарваны выгнаннем з Інстытута філасофіі і права АН БССР ды неабароненай дысертацыяй, што была прызнаная “нацыяналістычнай”.
Пасля атрымаў ярлык “дысідэнта” за выдадзеную ў Лондане працу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Ягоныя творы публікаваліся таксама ў Беластоку ды Нью-Ёрку. Чарговыя зборнікі вершаў “Малітвы за Беларусь”, “Агніва” ўжо выйшлі ў праваслаўных выдавецтвах. У 1988 адстойваў Курапаты разам з Зянонам Пазьняком. Аж пакуль 17 год таму зышоў мніхам-паслушнікам у Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Дзе й зараз жыве і вядомы як айцец Іаан.
Гаворыць паэт Алесь Клышка, з якім разам выдалі кнігу-трыпціх “Жыровіцкая пастараль”, Жыровіцкі камін” ды “Шлях да Жыровічаў”.
Клышка: Гэта чалавек, што вызначыў мой шлях да Госпада, да Веры, да нашай беларускамоўнай Беларусі. Відаць, адзіны, хто ў нашай царкве мэтанакіравана ды ўвесь час гаворыць на матчынай мове. Выдае па-нашаму шматлікія “Жыровіцкія лісткі”. Гаворачы з гацямі з Масковіі, спакойна, упэўнена падкрэслівае сваю беларускасць. Зараз ён рыхтуе другую кнігу сваіх выбраных твораў. Увогуле, робіць справу сумленна, годна, з вялікай любоўю. І калі ў яго бок часам гучаць закіды, што недастаткова рэзка выказвае сваю пазіцыю (а яна ёсць!) – прабачце, ён публічна мусіць захоўваць царкоўна-карпаратыўныя інтарэсы. Закіды, што ён робіць для беларусізацыі праваслаўнай царквы, тым, хто прыходзяць у храмы, будуць ацэненыя хіба пазней. Ён – выспа беларускасці ў моры Маскоўскага Патрыярхата!
Я звязаўся з Жыровічамі, дзе на дроце пачуў, як зазвычай, бадзёры голас айца Іаана.
РР: Вы некалі сказалі, што брат Алег памёр, пасля з’явіўся інак Мікалай, цяпер – айцец Іаан…
Айцец Іаан: Апошні “нарадзіўся” 4 красавіка 2014. Да гэтай хвіліны плоць ягоная пры ім…
РР: 15 год выдаеце адзіны ў гісторыі тутэйшага праваслаўя беларускамоўны “Жыровіцкі лісток”?
Айцец Іаан: Афіцыйна на двух дзяржаўных мовах. Інфармацыя даецца ў залежнасці ад таго, на каго разлічана. Я з маладых год і да сівых пасмаў служу святасці. Хоць сатанінскі “саюз” таксама вядзе сваю вайну – на вынішчэнне людства. Мова ж дадзена кожнаму племені Госпадам, як найвялішы Дар ды Абярог. Кожны мусіць яе берагчы, як зрэнку вока. Дысідэнтам на Радзіме я ніколі не быў – спрабавала зрабіць злосная ўлада. Заўсёды трэба мкнуцца служыць запаветам Богачалавека Хрыста, Айчыне сваёй – па меры сіл. Што і раблю. А вось радкі, якімі вітаю тых, хто захоча мяне пачуць:
Вораг распальвае недавер, каб з памяці грэшніка сцерці.
Мы маем Вечнае тут і цяпер – Царства Нябёснае ў сэрцы!
Дай Божа ўсім вечна быць у гэтым царстве. Божай дапамогі вам ва ўсіх божых справах! Амінь!
Айцец Іаан, у свеце Алег Бембель-Зніч, заўжды кіруецца ў жыцці, творчасці хрысціянскай ідэяй міласэрнасці. Меру з’яў, падзеяў, учынкаў ды шуканняў людзей вызначае ў сістэме вечных каштоўнасцў, імкнецца да духоўнай і маральнай дасканаласці. Спадзяемся, што прачытем яшчэ не адзіны яго роздум пра беларусаў і Беларусь, пачуем яго філасофскія вершы…
Зніч.
Друкаваная прадукцыя айца Іаана.
Клышка.
Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя