Алексіевіч у Берліне не пусцілі на самалёт, бо яна нібыта «мела пры сабе бомбу»



Учора да поўначы Святлана Алексіевіч мела ляцець з Берліну ва Ўроцлаў на імпрэзу з удзелам іншай нобелеўскай лаўрэаткі, польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук. На лётнішчы яе затрымалі з прычыны таго, што пры ёй, маўляў, была бомба. Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку Фундацыя Вольгі Такарчук.

Пісьменніцу адпусцілі, калі самалёт ужо адляцеў. Бомбы не знайшлі. Арганізатары ўроцлаўскай імпрэзы «Пратэст Алексіевіч і Такарчук» паслалі ноччу ў Берлін аўтамабіль, якім беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі даехала да Ўроцлава.

Па дарозе яна дала кароткае інтэрв’ю супрацоўніцы Фонду Вольгі Такарчук і ўроцлаўскага Дому літаратуры, перакладчыцы Яне Карпенцы.

Радыё Свабода накіравала ў аэрапорт Берліну запыт з просьбай пракаментаваць сітуацыю вакол Святланы Алексіевіч і дзеянні службы бяспекі. Прэс-служба лётнішча Берлін-Брандэнбург даслала адказ:

«Мы можам пацвердзіць правядзенне паліцыйнай аперацыі на лётнішчы. Просім вас зразумець, што гэтай справай займалася Нямецкая федэральная паліцыя. Таму мы ня маем больш падрабязнай інфармацыі і з увагі на бяспеку і абарону дадзеных ня можам мець доступу да інфармацыі пра асобаў, якіх датычыць гэтая справа. Калі ласка, накіруйце ваша пытанне прэс-службе Нямецкай фэдэральнай паліцыі».