Алена Анісім: Роднае слова заўсёды дапамагала ў складаныя часы



Старшыня Таварыства беларускай мовы распавяла пра тое, як пройдзе ў Беларусі  Міжнародны дзень роднай мовы.

Алена Анісім: Таварыства беларускай мовы будзе праводзіць традыцыйную дыктоўку 21 лютага ў 11.00 гадзін у сваёй сядзібе па вуліцы Румянцава, 13. Мы запрашаем усіх сяброў ТБМ і прыхільнікаў беларускага слова. Безумоўна, спадзяемся, што прыйдзе моладзь.

Адным словам, урачыстую дыктоўку рыхтуем менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы.

РР: Якія яшчэ мерапрыемствы будзеце праводзіць з гэтай нагоды?

Алена Анісім: Яны будуць праходзіць штодзень. Напрыклад, 22 лютага ў бібліятэцы Акадэміі навук адбудзецца прэзентацыя зборніка з матэрыяламі канферэнцыі “Нашы вякі – наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны”. Гэта такі грунтоўны зборнік там ёсць даволі цікавыя матэрыялы.

У навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа выступяць таксама з прамовамі навукоўцы, грамадскія дзеячы, музыканты. Трэба дадаць, што многія нашы рэгіянальныя арганізацыі таксама на месцах рыхтуюць свае мерапрыемствы. Гэта будуць і дыктоўкі, і сустрэчы з цікавымі людзьмі – бардамі, пісьменнікамі…

РР: Часы зараз няпростыя, усё нацыянальнае стараюцца прэсаваць…

Алена Анісім: Часы няпростыя, але пра мову не варта забываць ніколі. Роднае слова дапамагала ў часы самых складаных ліхалеццяў. Яно павінна дапамагчы нам і зараз.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя