Алена Анісім: З’езд ТБМ выказаўся за адзіную дзяржаўную мову – беларускую
Беларуская мова застаецца ў пасынках у краіне, якая называецца Беларуссю. Трыццаць гадоў існуе грамадская арганізацыя Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якая дамагаецца, каб у краіне панавала беларуская мова, як адзіная дзяржаўная, якая і з’яўлялася б мовай зносінаў для ўсёй беларускай нацыі. Адбыўся 14-ы з’езд арганізацыі, пра яго вынікі наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі пагутарыў з госцем Рацыі Аленай Анісім, якая будзе кіраваць таварыствам наступны тэрмін.
РР: Адбыўся 14-ы з’езд Таварыства беларускай мовы, а гэта адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый у Беларусі. Якія гарачыя праблемы вырашаліся і што ўдалося прыняць цягам гэтага дня працы з’езда?
Алена Анісім: Першае пытанне – гэта як заўсёды справаздача рады, якая дзейнічала на працягу трох гадоў, і асабіста мяне, як старшыні нашай арганізацыі. Другое пытанне, якое паўстала вельмі востра, – гэта пытанне бягучай дзейнасці ТБМ і акцэнты, якія мы мусім расстаўляць. Ну і падчас гэтага абмеркавання абвастрылася пытанне прысутнасці ў нашай арганізацыі моладзі. Ну і хачу сказаць, што як раз у працэсе вось гэтых гарачых спрэчак падчас абмеркавання справаздачнага даклада, мелі слова многія маладыя людзі. Гэта і з Баранавіч кіраўнік арганізацыі Таццяна Кісель, гэта і нядаўна ўступіўшы ў шэрагі сяброў адроджанай Пухавіцкай арганізацыі адзінаццацікласнік Сяргей Прачкоўскі, якога заўважылі і таксама абралі ў новую раду. І выступы нашых маладых дзяўчат з Гомеля. Так што была дастаткова зацікаўленая, шчырая размова з абменам думкамі, можа і з некаторымі крытычнымі заўвагамі, палемічнымі, але тым не менш праца з’езда была вельмі плённай. Гэта не было шараговым мерапрыемствам, але было дэманстрацыяй таго, што арганізацыя жывая і што ў арганізацыі людзі актыўныя розных узростаў. Вынікам працы з’езда, акрамя новаабраных органаў, з’явіўся толькі адзін дакумент, больш нават і не было ўхваленых прапаноў. Гэта заява 14-га з’езда ТБМ, якая прымалася па прапанове Алега Трусава. Першапачатковы тэкст заявы быў успрыняты абсалютна крытычна, і нам давялося яго абмяркоўваць. Пазіцыю таго, што ТБМ выступае за адзіную дзяржаўную мову, падтрымлівалі ўсе. І большасць дэлегатаў з’езда ТБМ схілялася да таго, што мы не павінны ўдзельнічаць у нейкім абмеркаванні Канстытуцыі, псеўдарэформаў, але сваю пазіцыю мы можам выказаць. І ў гэтай заяве мы адназначна выказаліся за статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.
Цалкам размова:
Размаўляў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by