Алена Ляшкевіч: У некаторых лакальных традыцыях Дзяды адзначаюцца ажно 7 раз у годзе



28 лістапада пачынаецца Піліпаўскі пост. Напярэдадні яго ў некаторых рэгіёнах у Беларусі было прынята памінаць продкаў.

Алена Ляшкевіч. Фота: ethno.by

Пра Дзяды і Бабы на працягу ўсяго года распавядае этнограф Алена Ляшкевіч у гутарцы з нашым Радыё.

РР: Сёння мы паразмаўляем пра такую тэму як памінанне продкаў. Прынята лічыць што Дзяды традыцыйна адзначаюцца на пачатку лістапада. Аднак насамрэч дзён у беларускай традыцыі памінанняў продкаў нашмат больш?

– Паводле гістарычных крыніцаў такіх датаў прынамсі 7 у годзе. То бок у адной канкрэтнай лакальна ўзятай традыцыі да 7 раз на год, але калі глядзець агулам і супаставіць розныя рэгіёны. То Дзядоў можна налічыць значна больш. Але гэта не значыць што яны адзначаліся ва ўсіх мясцовасцях. У кожнай вёсцы былі нейкія свае дні памінання продкаў істотныя для гэтай лакальнай традыцыі. Ёсць агульная тэндэнцыя, што гэта было нейкае восеньскае памінанне, нейкае вясновае, і астатнія неяк раскіданыя паміж імі. Што да восеньскіх памінанняў – так, у католікаў гэта 1-2 лістапада, больш уніфікавана. У праваслаўных большая разнастайнасць: то бок гэта Узвіжынскія Дзяды, Пакроўскія Дзяды, Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды перад нейкім восеньскім значным святам істотным у гэтай канкрэтнай лакальнай традыцыі. То бок тое, што мы сёння размаўляем пра Дзяды няма ніякай супярэчнасці, таму што дзень Святога Міхала па праваслаўнай традыцыі 21 лістапада, суадносна ў пятніцу ці суботу перад гэтым днём у пэўных лакальных традыцыях адзначаюцца Дзяды. Альбо перад пачаткам Піліпаўскага посту, які з 28 лістапада распачынаецца адпаведна ў праваслаўным календары.

РР: А чаму менавіта на восень столькі дзён памінання продкаў? Гэта з чымсьці звязана?

– Здаецца што гэта нашае сучаснае ўспрыняцце, што іх шмат менавіта восенню. То бок безумоўна іх шмат, але іх шмат і ў любым сезоне. Тое, што ў праваслаўных увосень такая вялікая разнастайнасць можа прыцягваць нашую ўвагу, альбо тое. Што католікі адзначаюць менавіта 1-2 лістапада. Канешне гэта змрочны час, сам перыяд такі. Але трэба разумець, што прынамсі ў праваслаўных беларусаў гэтыя даты памінання продкаў раскіданыя па ўсім годзе. Каляды нават некаторыя даследчыкі інтэрпрэтуюць таксама такім памінальным святам. Бо тады ядуць куццю, а гэта каша з памінальнай сімволікай.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя