Алесь Аркуш: Гэты раман – водгук на апошнія падзеі ў краіне і свеце
Першая прэзентацыя новай кнігі Алеся Аркуша “Захоп Беларусі марсіянамі” – пройдзе ў Беластоку. Выдавец і літаратар, наш рэдакцыйны калега, у сваім трэцім па ліку рамане зноў вяртаецца да блізкага яму Полацка, ранейшага і сучаснага. Хто такія марсіяне? І ці ёсць у Беларусі шанец вызваліцца ад іх панавання? Аўтар адказвае на пытанні Яны Запольскай:
РР: Канешне, гэтая кніга не ў такім ключы, як тыповая фантастычная кніга, але ўсё ж такі яе задума, узнікненне самой ідэі кнігі – даволі фантастычнае. Раскажыце, калі ласка.
Алесь Аркуш: Справа ў тым, што гэтая назва заўсёды выклікае ці то не разуменне, ці, прынамсі, шмат пытанняў. І я тлумачу, як нарадзілася гэтая назва. Аднойчы мне прысніўся Вацлаў Ластоўскі, было гэта ў Полацку – і сон прысніўся ў Полацку, і падзеі ў сне адбываліся ў Полацку. І Вацлаў Ластоўскі ў сне прапанаваў мне напісаць кнігу з такой назвай. Я прачнуўся, сядзеў і разважаў, а затым падумаў: а чаму і не? Гэтую ягоную прапанову я прыняў і напісаў раман з такой назвай.
РР: Можна сказаць, Вацлаў Ластоўскі вас натхніў на працу.
Алесь Аркуш: У творчых людзей так нярэдка здараецца. Я некалькі разоў пісаў у сне вершы, бывала прачынаўся і запісваў. Напрыклад, учора мне прысніўся сон, што я з нейкім рэжысёрам размаўляю і кажу яму: а вы ведаеце, калі б я быў рэжысёрам, то зняў бы мастацкі фільм пра нейкі прадмет, нейкую рэч. І гэты рэжысёр узбуджана ўсклікнуў: гэта геніяльна! (смяецца).
РР: Можа з’явіцца і фільм праз нейкі час, хто ведае. Алесь, вы працягваеце прытрымлівацца жанру нон-фікшн, па-ранейшаму выкарыстоўваеце рэальныя факты і аўтабіграфічныя моманты, акрамя таго ў гэтай кнізе з’яўляецеся вы самі, а менавіта ў абліччы Васіля Кроквы.
Алесь Аркуш: Мой новы раман, насамрэч, – гэта водгук на тыя падзеі, якія адбываліся вакол нас апошнія два гады ў суседніх краінах – перадусім гэта вайна ва Украіне, гэта розныя падзеі ў самой Беларусі, гэта падзеі ў літаратурным жыцці. Таму раман – мае развагі, выкліканыя тымі падзеямі. І калі я працаваў над кнігай, я шмат чаго зразумеў і шмат што для мяне адкрылася. Напрыклад, я ніколі не задаваў сабе пытанне: адкуль узялася беларуская літаратура? Дзіўнае пытанне, канешне. Але калі мы падумаем і згадаем як гэта было: 1906 год, з’явілася газета “Наша Ніва”, з’явілася невялікая купка людзей вакол гэтай газеты, якія пачалі пісаць мастацкія тэксты. Але ўжо ў другой палове 20-х гадоў паўстала паўнавартасная літаратурная плыня. Адкуль узяліся гэтыя пісьменнікі? Як яны нарадзіліся? І вось як раз працуючы над гэтай кнігай, шмат на якія пытанні мне ўдалося самому сабе адказаць.
РР: Такім чынам з’явіўся і герой Алесь Дудар у гэтай кнізе.
Алесь Аркуш: Алесь Дудар абсалютна рэальная асоба. Але хачу сказаць, што насамрэч гэтая кніга не ёсць чыстым нон-фікшнам. Сапраўды, яна пабудавана на рэальных фактах, там прысутнічаюць рэальныя героі, але там шмат прыдуманага. Не думаю, што Алесь Дудар шукаў у Полацку лёхі і лазіў у падзямелле. Але ён сапраўды ў 1925 годзе прыехаў у Полацак, ён мусіў там стварыць філію літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, ён шукаў патрэбных людзей. Па вялікаму рахунку, якіх пісьменнікаў ён мог знайсці ў тагачасным ушчэнт зрусіфікаваным Полацку? І тая праца, якую прарабіла літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, і паказвае, як стваралася ў той час нашая беларуская літаратура.
РР: Калі вяртацца да гэтых марсіянаў, у адным з інтэрв’ю вы сказалі, што марсіянаў задумвалі як сімвал чужынцаў. Хто гэтыя чужынцы для вас?
Алесь Аркуш: Сапраўды, для мяне гэтыя марсіяне былі такой метафарай, такім сімвалам чужынцаў, якія не ідуць на кампрамісы, для якіх галоўнае захапіць, знішчыць, і няма ніякага сэнсу з імі дамаўляцца. Але пісьменнік Віталь Воранаў, пачуўшы назву рамана, сказаў, што слова “марсіяне” добра рыфмуецца са словам “расіяне”. Але я не закладаў такі сэнс у гэтае слова, мне хацелася, каб твор быў больш універсальным, каб ён не зачыняўся толькі ў гэтым гістарычным перыядзе.
РР: Алесь, калі вяртацца да сучаснага Полацку, то вызваліўся ён ужо ад марсіянаў?
Алесь Аркуш: Удзел у гэтым творы Вацлава Ластоўскага – гэта ёсць адсылка да яго легендарнай аповесці “Лабірынты”. А сэнс гэтай аповесці ў тым, што існавала ў мінулым полацкая цывілізацыя, яна была знішчаная, але людзі, якія захоўвалі гэтую цывілізацыю – розныя сакрэты, веды, кнігі, – усё каштоўнае схавалі у падзямеллі. І тыя людзі вынайшлі такое рэчыва, якое дазваляла вечнае жыццё і якое стварала святло, на ўзор сонечнага. Гэтыя людзі жылі пад зямлёй. І яны могуць выйсці навонкі толькі тады, калі на паверхні будзе спрыяльная сітуацыя. І мой раман як бы перагукваецца з гэтай аповесцю Ластоўскага. Сапраўды, калі Полацак абудзецца і зажыве самастойным, паўнавартасным жыццём, тады выйдуць тыя людзі з падзямелля і раскажуць нам праўдзівую гісторыю роднага краю, і пакажуць нам полацкі летапіс, які сёння нібыта страчаны, і вернуць тую цывілізацыю, якая нібыта загінула. Відавочна, яшчэ не насталі тыя часы. Сумная трагедыя ў канцы твора, калі і сам Дудар патрапляе ў турму, і бліжэйшыя яго сябры, гэтая трагедыя і сведчыць, што тыя часы яшчэ не надыйшлі (і тады, і сёння), і тыя людзі ў падзямеллі гэта разумеюць, ведаюць і чакаюць.
РР: Надзея застаецца.
Алесь Аркуш: Так, яны чакаю і вераць у тое, што гэты час прыйдзе, яны выйдуць, і тады пачнецца залаты перыяд гісторыі нашага краю.
Алесь Аркуш абяцае раскрыць пэўныя сакрэты, звязаныя з кнігай, ужо заўтра. У „Склепе з культурай” аб’яднання АБ-БА ў Беластоку пройдзе сустрэча з аўтарам, у час якой зможам прыдбаць і кнігу з аўтографам. Пачатак – у 17 гадзінаў, як і заўсёды – ўваход вольны.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя