Алесь Аркуш: Рэжым надае ўсё больш увагі адукацыі
Гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” выключаны са школьнай праграмы для 11-га класа па беларускай літаратуры. Гэта адзін з самых знакавых твораў у беларускай літаратуры і творчасці Караткевіча, прысвечаны падзеям напярэдадні паўстання 1863 года. Пра гэта ды іншае пагаворым з нашым сённяшнім госцем Алесем Аркушам:
— Гэта досыць прадказальная падзея, бо гэты раман расказвае пра паўстанцаў 1863 году, і там сярод герояў ёсць Кастусь Каліноўскі, а гэта тэма, на якую ўжо накладзенае табу. Усё больш рэжым надае ўвагі адукацыі, адтуль прыбіраецца ўсё істотнае ў плане нацыянальнага, патрыятычнага, адбываецца чыстка ў прадметах гісторыі, літаратуры, замежныя мовы.
РР: На Караткевічу крыж не паставілі?
— Гэта было б немажліва зрабіць. У Беларусі не адзін помнік Караткевічу, ёсць у Віцебску, у Воршы, шмат вуліцаў імя Караткевіча. Гэта ўсё выкрасліць, прыбраць з гісторыі, літаратуры, немажліва. Ну калі пісьменнік ужо нежывы прасцей маніпуляваць з ягонаю творчасцю, таму ў праграме адбылася замена, замест „Каласы пад сярпом тваім“ будуць вывучаць „Чорны замак Альшанскі“. Гэты працэс будзе адбывацца далей.
РР: З творамі Святланы Алексіевіч або Быкава была іншая сітуацыя.
— Святлана Алексіевіч жывая, ніякіх помнікаў, вуліцаў, пісьменніца жывая, таму „прыбіранне” прасцей зрабіць. А з Быкавым таксама не так проста, ёсць і музеі Быкава, і на радзіме, у Вушачах, нядаўна паставілі бюст Быкаву. Не думаю, што Быкава можна выкрасліць з афіцыйнай беларускай літаратуры, якая вывучаецца. І Быкаў, і Барадулін, і іншыя пісьменнікі нашага старэйшага пакалення, яны ўсё ж будуць.
РР: Калі глянуць на адукацыйны працэс, вы як літаратар глядзіце, на сённяшні дзень, гэтая праграма, без улікаў усіх ідэалагічных аспектаў, ці адпавядае плыням сучаснай беларускай літаратуры?
— Я зусім нядаўна ў сваім Фэйсбуку напісаў, бо праз Google шукаў, як жа ў падручніках, дапаможніках, тлумачаць найноўшую літаратуру, і знайшоў артыкул пра постмадэрнізм беларускай літаратуры, і там зусім і маладыя пісьменнікі згадваюцца. І мне цікава стала, ці гэты артыкул ёсць у падручніку, ці гэта проста з дапаможніка для 11-х класаў, у якім вывучаецца найноўшая беларуская літаратура. У кожным разе з літаратурай будзе штось адбывацца, бо ёсць чорны спіс пісьменнікаў, якіх нельга друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Не ўяўляю, каб надрукавалі, напрыклад, Уладзіміра Някляева. Хаця я заўсёды ўзгадваю, як у Савецкім Саюзе друкавалі кнігі Ларысы Геніюш, якая была не толькі не рэабілітаваная, так яна нават не прыняла грамадзянства Савецкага Саюзу. Але ўсё адно яе друкавалі, выходзілі ейныя кнігі. То бок цяпер сённяшняя сітуацыя значна горшая, чым нават як было ў Савецкім Саюзе.
Беларускае Радыё Рацыя