Алесь Аркуш свой пяты раман прысвяціў Спадчыне
Алесь Аркуш выдаў у Беластоку свой пяты па ліку раман. Кніга завецца «Спадчына». Па словах аўтара, яна мінімалістычныя па стылі і асабістая па сюжэце. Пра творчыя інспірацыі, прынцып лапікавае коўдры, рэальнасць літаратурных сюжэтаў і выгоды чытання ў электрычцы з пісьменнікам пагутарыў Стась Дэдэрка.
РР: Зараз я трымаю ў руках зусім свежую кнігу, толькі з выдавецтва, яна завецца “Спадчына” раман, і бачу, што на задніку на фотаздымку вы з вядром, пэўна ў лесе збіраеце грыбы?
– Гэты фотаздымак можна назваць ілюстрацыйным фота. Бо кніжка пачынаецца з таго, што мяне выклікаў брат, каб я да яго прыехаў, і мы з ім разам, ужо такія дзядзькі ва ўзросце, едзем у той лес, дзе з бацькамі калісьці збіралі грыбы, калі былі дзецьмі. І там мы згадваем і мінулае, і бацькоў, якія нядаўна адышлі…
РР: Гэта дзе адбывалася, пад Жодзінам, ці пад Полацкам? У вас два галоўныя гарады.
– Пад Жодзінам. Мая малая радзіма – Жодзіна. І там жыве мой малодшы, адзіны брат. Увогуле гэты раман можна назваць жодзінскім. Практычна ўсе асноўныя падзеі там адбываюцца ў Жодзіне. Сумнай інспірацыяй для гэтага рамана з’явілася смерць бацькоў. Спачатку не стала бацькі, а праз год і маці. Я жыў два гады з гэтымі цяжкімі думкамі, з гэтай стратай. І мусіў напісаць такі раман. І вось ён з’явіўся…
РР: То бок у адрозненні ад папярэдніх, досыць такіх фантазійных, ці як называлі вашыя творы, метагістарычных, гэта вельмі асабістая гісторыя.
– Усе мае раманы з большага пабудаваныя на рэальных падзеях. Але асноўнае – яны пабудаваныя на рэальных героях. Я мушу іх бачыць, чуць, як яны прамаляюць, ведаць, як яны будуць паводзіць у тых або іншых абставінах. То бок усе тыя героі, пра якіх я пішу ў сваіх раманах – гэта абсалютна рэальныя людзі, іншая справа, тыя падзеі, тыя жыццёвыя абставіны, у якія яны патрапляюць, не заўсёды бываюць реальнымі. Вось і ў анатацыі да гэтай кнігі таксама напісана, што не ўсе падзеі рэальныя. Часам чытачы, асабліва гісторыкі, пачынаюць высвятляць: як гэта было, чаму ў цябе няма працягу, а што гэта, а такога не можа быць? Тады я ім тлумачу, што гэта мастацкая кніга.
РР: Разам з тым відавочна, што з гадамі неяк абвастраецца памяць пра першыя гады жыцця. Успаміны становяцца больш выразнымі.
– А гэта такая асаблівасць чалавека. Пра гэта казала мая бабуля, пра гэта казала мая маці, што тыя малюнкі, тыя падзеі дзяцінства, з часам, калі чалавек ужо ў салідным узросце, робяцца яскравымі і паўстаюць у памяці з неверагоднай дакладнасцю. Мой першы раман, які называецца “Палімпсэст”, ён як раз і быў на гэтым пабудаваны, праўда, не на падзеях дзяцінства, а хутчэй юнацтва. Але сапраўды маё дзяцінства мяне ўвесь час падсілкоўвае, практычна ва ўсіх маіх кнігах ёсць кавалчкі ўспамінаў пра дзяцінства.
РР: Ці адрозніваецца “Спадчына”, калі казаць пра кола чытачоў, якому адрасаваная гэтая кніга, ад папярэдніх раманаў?
– Большасць маіх раманаў досыць герметычныя. Напрыклад, раман “Мясцовы час”, які прысвечаны ўтварэнню Таварыства вольных літаратараў і тым падзеям, якія тады адбываліся, па-мойму, не будзе зразумелы шырокому колу чытачоў. Я распытваў маіх польскіх знаёмых, калі, напрыклад, перакласці гэты раман, ці будзе зразумелы ён у Польшчы. Мне казалі: не, не будзе зразумелы. Самы прыдатны для паспалітага чытання – гэта, канешне, “Сядзіба”. Ён універсальна пабудаваны. Да таго ж у сярэдзіне гэтага рамана ўмантаваны дэтэктыўны аповед. Таму для любога чытача, у любой краіне гэта будзе абсалютна зразумела.
Я заўсёды паўтараю, што мае раманы пабудаваныя па прынцыпу лапікавай канструкцыі. Ёсць такія народныя, вясковыя коўдры з розных кавалачкаў матэрыі. Свае раманы я сшываю з гэтых розных кавалачкаў – гэта і мастацкія кавалачкі, і чыста дакументальныя, і журналісцкія, і эпісталярныя. І такім чынам ствараецца тэкст. У літаратуразнаўстве гэта называецца мінімалізмам, калі аўтар не прапісвае дакладна ні сваіх герояў, ні сам сюжэт, а заклікае чытачоў далучыцца для творчага асэнсавання тэкста, можа нават да яго развою. І сам чытач мусіць для сябе адказаць, напрыклад, хто такія марсіяне ў рамане “Захоп Беларусі марсіянамі”, або што гэта быў за таямнічы дзед, які таемна прыходзіў на сядзібу ў рамане “Сядзіба”. Сёлета сябры гарадзенскага клуба аматараў кнігі абмяркоўвалі мой раман “Сядзіба”. І я меў з імі сувязь праз скайп. Яны задавалі мне пытанні, я задаваў ім. І я спытаў у іх: дык што гэта быў за дзед, які таемна прыходзіў на сядзібу? І пачуў вельмі розныя адказы: Усяслаў Чарадзей, мой прашчур… Я кажу, дык у тэксце ёсць шмат падказак, і называю іх. Так, так – яны пагаджаюцца, што памятаюць гэтыя падказкі. Хаця я не аспрэчваю, гэта мог быць і Усяслаў, і мой які-небудзь продак… Чытач сам мусіць сабе адказаць на гэтае пытанне.
РР: А як вы параіце чытаць гэтую кнігу – залпам, за адзін прысест, ці порцыямі, неяк усведамляючы кожны фрагмент асобна?
– А гэта таксама мой прынцып чаму мае раманы такія невялікія. Часам мне кажуць, што гэта можа і не раманы, фармат не рамана, раман – гэта старонак 300-500.
РР: Тут паўтары сотні толькі…
– І гэта тлумачу тым, што я прыхільнік чытання адразу. Мне шмат хто казаў, што прачытаў мае кнігі ў дарозе, напрыклад, у электрычцы да Воршы. Мая жонка адзін раман прачытала ў маршрутцы з Полацка да Менску. Для мяне вельмі важна, каб тэкст прачытваўся хутка. Бо калі мы возьмем нейкі верш і пачнем яго чытаць штодзень па радку, ці атрымаем мы цэльнае ўяўленне? Мы мусім яго адразу прачытаць. Тое ж самае і з кнігай прозы. Прынамсі я так лічу. А хто любіць вялікія кнігі, то тут няма ніякай праблемы, мае раманы добра аб’ядноўваюцца ў цыклы, можна, напрыклад, выдаць, тры мае полацкія раманы разам пад адной вокладкай і гэта будзе досыць аб’ёмная кніга.
Гутарыў Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя