Алесь Аркуш: Сёлета ўручаем „Вялеса” 30-ы раз. Прымаем віншаванні



Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за лепшую мастацкую беларускамоўную літаратурную кнігу мінулага году.

Фота l.stepaniuk

Са старшынём арганізацыйнага камітэта прэміі Алесем Аркушам паразмаўляў Міхась Андрасюк.

РР: Сустракаемся невыпадкова, спадзяюся ўжо праз хвіліну стане вядомы шорт-ліст прэміі за лепшую кнігу 2021 году. А гэта, калі не памыляюся, 30-ы, юбілейны выпуск.

Алесь Аркуш: Напэўна, я нават не лічыў. Вельмі даўно мы ўручаем прэмію – з 1993 года.

РР: Матэматыка ніколі не была ў мяне моцным козырам, але я палічыў і атрымалася, што ў гэтым годзе 30-ы раз.

Алесь Аркуш: Тады гэта выдатна. Тады гэта юбілейнае ўручэнне прэміі.

РР: Ведаем ужо хто ў шорт-лісце?

Алесь Аркуш: Так. Сёлета ў наш шорт-ліст трапіла 10 кніг. Раней наш шорт складаўся з 5 кніг. Але з-за таго, што мы разглядаем досыць вялікі кніжны абсяг – гэта і проза (мастацкая проза, нон-фікшн, папулярызатарскія гістарычныя кнігі), паэзія, драматургія, казкі, публіцыстыка, эсэістыка. То мы пашырылі шорт-ліст да 10 кніг. Увогуле 10 кніг было ўжо ў 2018 годзе. Раней было 7-8. Але 10 кніг, па-мойму, для нас сёння аптымальны шорт-ліст.

РР: То можа рассакрэціш, хто сёлета?

Алесь Аркуш:

Валянціна Аксак «Трэці Эдэм». Менск, «Кнігазбор».

Анатоль Брусевіч «Крылы». Гародня, «Літара».

Дарʼя Бялькевіч «Слёзы на вецер». Менск, «Янушкевіч».

Ірына Жарнасек «Нашых дзён крыгаход». Менск. «Pro Christo».

Сяргей Календа «Дэкалог». Менск, «Логвінаў».

Вольга Гапеева «Самота, што жыла ў пакоі насупраць». Менск, «Галіяфы».

Максім Клімковіч «Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі». Менск, «Галіяфы».

Сяргей Пляскач «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому». Менск, «Галіяфы».

Віктар Сазонаў «Генетычны алфавіт». Беласток, «Ніва».

Сяргей Тарасаў «Еўфрасіння-Офрасіння-Афрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж». Менск,«Цымбераў».

РР: Дзесяць, багата, а ўвогуле прэтэндэнтаў было шмат? Былі спрэчкі?

Алесь Аркуш: Справа ў тым, што ў артыкуле на Вікіпедыі, дарэчы, дзякуй таму, хто зрабіў гэтую публікацыю, пазначаны парадак вылучэння кніг. Большасць гэтых кніг мы вылучаем самі. Кнігі патрапляюць да нас, штосьці нас зацікаўлівае. Але шмат леташніх кніг да нас проста не патрапіла. Я так думаю, што некаторыя кнігі маглі б прэтэндаваць. Напрыклад, добры зборнік летась выдаў Ігар Кулікоў. Але кніга да нас так і не трапіла, хоць я асабіста і звяртаўся да аўтара ў Фэйсбуку. Ясна, што ўсе кнігі адсачыць проста немагчыма. І мы разглядаем тое, што трапляе ў абсяг нашай дасяжнасці.

РР: У рэгламенце бачу, што ўдзел можа ажыццяўляцца пасля падачы кнігі арганізацыйнаму камітэту. Хто можа падаць такую кнігу? Аўтар? Выдавец? Хтосьці яшчэ?

Алесь Аркуш: Хто заўгодна. Звычайна падаюць аўтары. Валянціна Аксак асабіста мне ўручыла ў рукі. Кнігу Віктара Сазонава перадаў выдавец. Дар’я Бялькевіч дасылае поштай. Усе кнігі, якія трапілі ў шорт, ужо пераможцы. Бо мы, як правіла, папулярызуем гэтыя кнігі. Я пішу на іх рэцэнзіі для сваё перадачы. Затым яны з’яўляюцца ў розных іншых месцах. Я ўжо напісаў рэцэнзіі на кнігі Валянціны Аксак і Віктара Сазонава, гэтыя кнігі першымі трапілі да нас. Рэцэнзія на кнігу Віктара Сазонава была надрукавана ў беластоцкай «Ніве».

Цалкам размова:

Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя