Алесь Бяляцкі: Мемуары для мяне – адзін з самых захапляльных жанраў літаратуры



Пра мемуарную літаратуру і найноўшую гісторыю гаворым з Алесем Бяляцкім – літаратарам і праваабаронцам.

– У 1994 годзе, падчас працы дырэктарам музея Максіма Багдановіча, вы ініцыявалі і зрабілі з супрацоўнікамі музея расчытку і падрыхтоўку да выдання мемуараў Адама Багдановіча – этнографа, бацькі паэта. “Мае ўспаміны” былі надрукаваныя ў часопісе “Нёман”, і ў той жа год Васіль Быкаў назваў іх лепшай кнігай года. Ва ўступе да успамінаў Адам Багдановіч наракае на недахоп мемуараў пра беларускую штодзённасць. Мемуары Адам Багдановіч пісаў у 30-ыя гады 20-га стагоддзя. Як вы ацэньваеце стан на сёння – усё ў парадку з беларускімі мемуарамі?  

– “Мае ўспаміны” Адама Багдановіча – адзін з самых цікавых твораў беларускай мемуарыстыкі. Нам пашанцавала ў свой час адкрыць гэты твор для шырокага чытача. У ім з фатаграфічнай дакладнасцю апісаная  самабытнасць беларускага народа, адметнасць ягонага жыцця ў  60-70-я гады 19-га стагоддзя. Для тых, хто шукае адказу на пытанне, чым беларусы адрозніваюцца ад суседніх народаў, у гэтых успамінах ёсць вельмі багата фактаў. Урэшце яны даюць зразумець, адкуль у Максіма Багдановіча былі глыбокія веды пра жыццё і псіхалогію беларусаў, хоць ён амаль і не жыў на Радзіме. Гэтыя веды, у значнай ступені, ён атрымаў ад бацькі. Можна меркаваць, што і ягоны літаратурны талент генетычна выходзіць з творчых здольнасцяў бацькі і маці.

Мемуары для мяне – адін з самых захапляльных жанраў літаратуры. Яны цікавыя тым, што фіксуюць цякучае жыццё і бягучыя падзеі праз прызму суб’ектыўнага ўспрыняцця аднаго канкрэтнага чалавека. Яны істотна пашыраюць межы літаратуры. Зараз большая частка чытанага мной, гэта – эсэ, успаміны, дзённікі, лісты. Нязмушаная жыццёвая праўда падаецца  мне цікавейшай за фабулярную, прыдуманую літаратуру.

На жаль, гісторыя апошняга стагоддзя беларусаў не была спрыяльнай для захавання дзённікаў, лістоў, напісання мемуараў. Адгукаецца траўма, атрыманая ў 30-я-50-я гады, калі за шчырыя асабістыя запісы можна было вельмі проста страціць свабоду, а то і жыцьцё. Ды і ў наступныя гады цэнзар страху моцна абмяжоўваў мемуарную літаратуру, асабістыя запісы, якія часта становяцца асновай для мемуараў. Дастаткова згадаць выпадак з вядомым беларускім публіцыстам і гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.  За скрадзены ў яго  ў 1967 годзе дзённік, у якім ён крытыкаваў ідэі Леніна, Анатоль Сідарэвіч быў звольнены з раённай газеты і неўзабаве патрапіў у псіхушку. Таму мемуары і ўспаміны тых гадоў заўсёды трэба ацэньваць з разуменнем таго часу, у які яны ствараліся.

Найбольш каштоўнымі з іх з’яўляюцца тыя, якія пісаліся “у шуфляду”, для сябе, не для друку. Я назаву два творы, напісаныя ў тыя нялёгкія савецкія часы, якія ўразілі мяне. Гэта “Аповесць для сябе” пісьменніка, вязня сталінскіх лагероў Барыса Мікуліча, і “Споведзь” паэткі і зняволенай ГУЛАГу Ларысы Геніюш.

Мемуары ж савецкіх партызан, людзей якія прайшлі вайну, на жаль, як правіла, былі вылегчаныя і мусілі служыць савецкай прапагандзе. Там вельмі мала шчырасці.

Сітуацыя зьмянілася ў канцы 80-х, калі багата хто з людзей стаміўся баяцца і пачаў запісваць праўду. “Доўгая дарога да дому” Васіля Быкава, шасцітомныя дзённікавыя запісы Рыгора Барадуліна, якія яшчэ друкуюцца – гэта толькі пачатак. Я думаю, што дзённікі і мемуары найноўшага часу  хоць часткова запоўняць прыкры прабел у беларускім пісьменстве.

– Вы пачалі пісаць успаміны пра нацыянальна арыентаваны моладзевы рух 80-ых яшчэ напачатку 2000 -ых, яны друкаваліся ў часопісе “Асамблея”. Падчас зняволення Вы напісалі пяць кніг, якія па праву адносяцца да літаратуры нон-фікшн. Успаміны ў іх дзеляцца на тры часткі – нацыянальна арыентаваны падпольны, паўпадпольны рух і культурны супраціў 80-ых, праваабарончая дзейнасць і турма. Што пішаце цяпер?

– Найбольшы папрок сабе – гэта тое, што я ня вёў рэгулярных дзёньнікаў.  У юнацтве рабіў асобныя запісы, урыўкі. А так шкада, бо часта апынаўся ў віры беларускіх падзей канца 80-х, пачатку 90-х гадоў. Больш-меньш рэгулярны дзённік вёў у турме. Ён выйшаў асобнай кнігай “Турэмныя сшыткі” (2019), у серыі мемуараў і дзённікаў беларускіх вязняў апошняй хвалі – “Беларуская турэмная літаратура”.

Я са шкадаваннем сутыкаюся з тым, з чым і большасць людзей – усё перажытае забываецца. Мне вельмі хочацца напісаць успаміны пра нашую працу ў музеі Максіма Багдановіча. Пра тыя часы, калі мы былі маладыя, апантаныя новым беларускім адраджэннем, у якім бралі актыўны ўдзел і ў музеі і па-за яго сценамі. Але зараз ёсць вялікая ўнутраная патрэба апісаць сваё перабыванне ў турме (2011-2014). Таму хачу зрабіць гэта найперш.

Турэмныя ўспаміны натуральным чынам дзеляцца на тры часткі, прывязаныя да месцаў зняволення: Валадарка; СІЗА ў Жодзіна; калонія ў Бабруйску. Першую частку я ўжо амаль скончыў і зараз штотыдзень выстаўляю тэкст у сваім блогу на сайце spring96.org. У наступным годзе будуць 25-я ўгодкі Праваабарончага цэнтру “Вясна”. І гэта яшчэ адная блізкая мне тэма.

– У інтэрнеце пад успамінамі пра 80-ыя-90-ыя гады часта з’яўляцца з’едлівыя каментары, кшталту “успаміны і ніякай будучыні”, папрокі ў палітычных паразах. Але  напрыканцы 80-ых быў цэлы шэраг пераможных грамадскіх ініцыятыў, акцый, якія былі абсалютна паспяховымі і дагэтуль уплываюць на рэчаіснасць, у якой мы жывем – кшталту акцыі ў абарону Верхняга гораду ў 1989 годзе, экалагічнае раллі Дзвіна-Даўгава 1987 года. Параза – гэта таксама вынік барацьбы, але тут поспех, рэальны поспех. Як цьмянае гэты досвед выкарыстоўваць для моладзі?

– Марная справа ацэньваць каштоўнасць мемуараў у крытэрыях грамадскага ці асабістага поспеху. Нездарма найбольш цікавыя мемуары апісваюць трагічныя, ці драматычныя старонкі жыцця чалавека ці тых падзей, пра якія ён піша. Чалавеку сытаму і задаволенаму жыццём часта няма пра што пісаць. Таму мне так цікава чытаць “У кіпцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча, пра гісторыю ягонага сямігадовага выжывання ў лагеры на Салаўках, ці падрыхтаваныя табой успаміны беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі, які шаснаццаць гадоў гарамычыў па турмах і псіхушках. Яны выйшлі ў кнізе “Міхась Кукабака” (2016).

Адказы ж на пытанне – што такое поспех, а што – параза ў грамадска-палітычным жыцці вельмі часта ўмоўныя. Здавалася б, на “беларускім пытанні”, як на палітычнай з’яве, у 70-я гады ХХ-га стагоддзя савецкая ўлада паставіла крыж. Не было ніякіх падставаў спадзявацца на адраджэнне беларусаў, як поўнавартаснага народу. Але у канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў, ў гэты самы цяжкі для ўсіх дысідэнцкіх, праваабарончых і нацыянальных рухаў час савецкага валадарства, у нас узнікае новая хваля беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, якая арыентавалася на еўрапейскія каштоўнасці і марыла пра незалежную дэмакратычную Беларусь.

Адкат, які пачаўся ў 1994 годзе з прыходам да ўлады прасавецкі настроенага прэзідэнта, запаволіў, але не спыніў нацыянальна-творчыя працэсы ў шырокім беларускім асяроддзі, глыбокім усведамленні дэмакратычных каштоўнасцяў у тым ліку і правоў чалавека. Можна ўпэўнена сказаць, што беларусы не знікнуць у сярэдней перспекетыве, як народ. Як гэта ацэньваць – як поспех? (зразумела, хацелася б большага). Ці як параза? (за 30 гадоў канчаткова не вырашана аніводнае пытанне, якое мы ставілі ў канцы 80-х).

Досвед кожнага пакалення застаецца з ім. Але непарыўнасць стваральнага гістарычнага працэсу  забяспечваецца супольнай працай людзей з розных пакаленняў. Так падтрымліваюцца і ствараюцца традыцыі, нормы паводзінаў, грамадская мараль. Мы вымушаныя былі адкінуць савецкую ілжывую мараль і займацца  рэстаўрацыяй пераемнасці з тымі, каго з намі не было побач, хто быў забіты, высланы, эміграваў, затаіўся, складаючы яе па кавалачках, як тую смальту ў мазаіцы. Спадзяюся, што маладзейшым у гэтым сэнсе зараз лягчэй.

– Моладзь ужо і цяпер мае цьмянае ўяўленне пра канец 80-ых-пачатак 90-ых  Ці ёсць шанец ўсё ж зафіксаваць той час адэкватна, каб да яго мелі доступ тыя, хто хоча ведаць гісторыю не сфальсіфікаваную?

– На жаль, і нашая дэмакратычная супольнасць цалкам не ўсведамляе важнасці захавання памяці ў розных яе праявах пра часы паўстання незалежнасці Беларусі. Не гаворачы ўжо пра “калгасную” дзяржаву, якая малюе ўласную версію падзеяў, герояў, гісторыі. Ад няведання часта можна сустрэць такое выказванне, што незалежнасць нечакана ўпала беларусам ледзь не з неба. А тое, што атрымана надурніцу, адпаведна так і цэніцца… Я катэгарычна з гэтым не згодны. Ланцужок супраціву і барацьбы за незалежную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь выразна праслежваецца з часоў паўстання Кастуся Каліноўскага.

 Тым не меньш, штосьці робіцца. Гэтым у нас зараз займаюцца, асобныя даследчыкі, навукоўцы. Вацлаў Арэшка, Юры Лаўрык, Ларыса Андросік, Алег Дзярновіч, Аляксандр Кур’яновіч ды іншыя. Зараз у гэтым накірунку актыўна працуе Паліна Сцепаненка. Праведзеныя фотавыставы, прысвечаныя падзеям 80-х гадоў, публікацыі ў СМІ – таму сведчаннем. Сайт vytoki.net, які  рэгулярна папаўняецца і які з’яўляецца пляцоўкай некалькіх няўрадавых дэмакратычных арганізацый – сёння самая галоўная адкрытая крыніца дакументаў, фотаздымкаў, самвыдатаў па познесавецкім часе.  У 2019 годзе даследванне па беларускім супраціве,  “Іншадумства ў Савецкай Беларусі” (1968-1988) па-ангельску выдала навукоўца Таццяна Астроўская. Спадзяюся, сёлета яно выйдзе па-беларуску. Варта згадаць намаганні грамадскай арганізацыі “Дыярыюш”, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Цэнтра даследванняў грамадянскай супольнасці Беларусі.

–  Што трэба рабіць цяпер, калі дзяржава мае іншую версію гісторыі, як захаваць, перадаць і грамадскі досвед, і гістарычныя факты?

– Трэба працягваць незалежную працу па зборы, апісанні, асэнсаванні і публікацыці матэрыялаў, фактаў, падзеяў таго часу на розных узроўнях. Тут важныя і ўспаміны, і дзённікі, і фатаздымкі, і артэфакты, якія маюць дачыненне да перыяду супраціву з пасляваеннага часу да сённяшніх дзён.

Што тычыць перыяду “новага адраджэння” (канец 70-х-1991 год), надзвычай важна стварыць летапіс падзей. Гэта значыць, па падзеях, па арганізацыях, па персаналіях, па развіцці ідэяў, па датах, паслядоўна распісаць – якім чынам развіваўся моладзевы нацыянальна-дэмакратычны рух. Ён стаў і запальнікам і асновай для імклівых дэмакратычных зменаў, якія адбываліся ў Беларусі ў той час. На вагу золата – любыя факты. Не ведаю, хто б узяўся за гэтую працу. Можа яна будзе рабіцца паволі, агульнымі намаганнямі. Спадзяюся, у ёй будзе і наш уклад.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя