Алесь Бяляцкі прэзентаваў сваю кнігу ў Гародні (абноўлена)
У Гародні прайшла першая публічная сустрэча пасля вызвалення з праваабаронцам, кіраўніком Праваабарончага Цэнтра “Вясна”Алесем Бяляцкім. Стрыжнем сустрэчы стала прэзентацыя яго кнігі “Іртутнае срэбра жыцьця”. Кніга напісана ў зняволенні, калі даводзілася аўтару пісаць у вельмі неспрыяльных варунках.
Кажа Алесь Бяляцкі:
– Усе тэксты ў кнізе можна падзяліць на дзве часткі. Гэта ўспаміны са свайго жыцця і з тых можа быць цікавых момантаў у якія я апынаўся, якія важныя для нашага грамадскага жыцця, бо ў прынцыпе ў нас гэтага жанру ўспамінаў не так багата як хацелася б. Мы пражылі зараз 25 гадоў, практычна цэлую чвэрць стагоддзя, вельмі актыўнага грамадскага жыцця, падчас гэтага жыцця былі і ўзлёты і падзенні.
Асноўную тэхнічную работу над кнігай выканала сябра “Вясны” Алена Лапцёнак. Невялічкая зала не ўмясціла ўсіх прыйшоўшых на сустрэчу. Былі не толькі добра знаёмыя Алесю актывісты, навукоўцы, але і моладзь, студэнты, якія ведаюць пра нязломны дух лідара “Вясны”. Яго кніжку ўсе прысутныя мелі магчымасць атрымаць як падарунак.
* * *
У Гародні адбылася сустрэча з былым палітычным вязнем, старшынём Праваабарончага Цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім і прэзэнтацыя ягонай найноўшай кніжкі. З Гародні паведамляе карэспандэнт Радыё Рацыя Якуб Сушчынскі:
– Авацыяй і ўстанаваннем ушанавалі прысутныя на сустрэчы Алеся Бяляцкага, лідара праваабарончага цэнтра “Вясна”. Кніга, якую ён прывёз, называецца “Іртутнае срэбра жыцьця”. Спачатку выступілі гарадзенскія праваабаронцы, актывісты Гародні, якіх прыйшло даволі шмат. Сярод выступоўцаў такія гарадзенскія праваабаронцы як Віктар Сазонаў, які сказаў, што Алесь Бяляцкі жыў паводле сваіх перакананняў, і гэтым заслужыў павагу. Выступілі таксама Сяргей Мальчык, першы кіраўнік гарадзенскага праваабарончага цэнтра “Вясна”, выступілі таксама гісторык Генадзь Семянчук, журналіст і былы палітвязень Андрэй Пачобут і іншыя гарадзенцы. Кніжку ўспамінаў былога палітвязня Алеся Бяляцкага ўсе прысутныя на прэзентацыі атрымалі ў якасці падарунка.
[Not a valid template]
Рэдактар кнігі Алена Лапцёнак
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.