Алесь Чобат адзначыў 60-годдзе імпрэзай у Гародні



Творчы вечар паэта, перакладчыка, празаіка Алеся Чобата прайшоў у Гародні. У дзень імпрэзы яму споўнілася 60 гадоў.

У беларускай літаратуры паэзія Алеся Чобата вызначаецца ўласным стылем. Яна багатая на метафары, адметная завершанасцю думкі. У гарадзенскай культурнай пляцоўцы „Цэнтр гарадскога жыцця” яго віталі дзясяткі чытачоў, прыхільнікаў яго творчага таленту. Пра сваё даўняе знаёмства з творчасцю Алеся Чобата распавёў святар Павел Каспяровіч:

– У 1990 годзе мне далі пачытаць яго зборнік. Ён мяне так уразіў, што я пайшоў і зрабіў ксеракопію ўсяго зборніка. І ўсе гэтыя гады перыядычна яго перачытваў. Такія цудоўныя вершы, моцныя вершы, вельмі я іх тады любіў. Памятаю там былі такія радкі, яны мене вельмі ўразілі: «чмырэе па інтэрнатах адурэлая вескаўня». Па-мойму, так. Часта бываў у гэтых працоўных інтэрнатах. Такі трапны радок. А цяпер я ўключаю часта песню на тэлефоне пра тое, як бусел паляцеў. Цудоўна мой сын засынае пад гэтую песню.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

На свой дзень народзінаў Алесь Чобат не толькі прачытаў свае вершы, пераклады з Багдановіча, Мілаша, але і прэзентаваў свае дзве новыя кнігі – „Лісты прэзідэнту” і „На неба ўзыходзяць доўга”. Выйшлі яны ў выбавецтве „Літара”-„ЮрсаПрынт”.

Кажа Алесь Чобат:

– Яшчэ адзін зборнік. Данута выбірала, што ёй спадабалася. А другая кніга, ну як сказаць, у мяне была ўсялякая перапіска афіцыйная, скажам так, яна скончылася на тым, што з апарату аднаго з міністэрстваў мне так і адпісалі, «знаеце, Чобат, іздайце вы сваю кнігу за свае дзеньгі». Гэта было гады два назад. А я потым падумаў-падумаў, ну калі дазваляюць, ну то выдам.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

На імпрэзе выступалі прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога з’яўляецца Алесь Чобат. Музыкай гітары імпрэзу аздобіў Уладзімір Захараў.

Алесь Чобат аслеп у 2013 годзе. Жыве ў хаце свайго дзеда ў Скідзелі. Пераствараць з мовы на пісьмо яго вершы і прозу дапамагае яму Таццяна Савянкова, а выдаць кнігі дапамагала Данута Бічэль.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара