Лідары гуртоў “Dzieciuki” i “Tlusta Lusta” пра “Басы”



Ужо ў пятніцу 18-га ліпеня пачынаецца 25-ае “Басовішча” – фэст маладой Беларусі, які пакінуў значны след у жыцці некалькіх пакаленняў беларусаў польска-беларускага памежжа.

969345_559530020755544_355981386_n

Гарадзенскі выканаўца Алесь Дзянісаў не аднойчы выступаў на сцэне “Басовішча”. Паводле яго словаў, гэты фэст даў старт многім беларускім гуртам, якія цяпер вядомыя ў Беларусі:

Басы”, канешне, адыгралі вялікую ролю ў гісторыі і мяне як музыкі, і гурту “Кальян” таму, што гэта быў адзін з нашых першых выездаў, менавіта “Басовішча” дало ў нейкім сэнсе старт для нашага гурту, не толькі для нашага, але і для шмат якіх беларускіх гуртоў. “Басовішча” ў свой час адыгрывала  вельмі важную ролю ў беларускасці, скажам так, у беларускай культуры і панк-року, анархізму і гэтак далей – гэта быў вельмі важны фестываль. Калі казаць пра мой удзел, з “Кальянам” мы ўдзельнічалі пяць разоў – першы раз у 1997 годзе, у 1998 годзе мы ўзялі гран-пры, у 1999 мы таксама ўдзельнічалі, потым у 2000 і 2003. З “Дзецюкамі” я ўдзельнічаў, калі не было конкурснай праграмы – гэта быў мінулы 2013 год.

Самы светлы, канешне, гэта 1998 год, калі мы выйгралі. Гэта было файна, і мы ўсе былі вельмі радасныя. Такая эйфарыя, што не памятаю, як гэта ўсё было. Нават панапіваліся гэтым півам, што арганізатары баяліся, што мы не выйдзем на сцэну, бо нам загадзя адзін з арганізатараў так па сакрэту сказаў, што мы будзем першымі – на першым месцы. Канешне, яшчэ са станоўчага 2014 год, калі мы з “Дзецюкамі” ездзілі, станоўчы менавіта з пункту гледжання арганізацыі. Найлепш арганізаваны фестываль вось у мінулым годзе таму, што шмат чаго было, чаго не было раней, тыя ж грымёркі былі, за кожным гуртом замацавалі чалавека, які за гэты гурт адказваў. Ён паўсюль бегаў, вырашаў ад саундчэка да аплаты дарогі і г.д. 2003 год, калі былі дзве адмоўныя рэчы: першая – гэта страшэнная трагедыя, адна са страшэнных трагедый гарадзенскага панк-року. Тады патануў наш сябра Іван Сырэль, ці Ваня “Сырнік”, як яго ведаюць, вакаліст і лідар гурту “Ласты Кусто”. Другое – гэта тое, што менавіта ў 2003 годзе была вельмі жорсткая ахова, мне потым распавядалі польскія панкі, што гэтыя ахоўнікі ў асноўным былі польскімі нацыстамі, якія падпрацоўвалі менавіта ў той канторы, з якой на той мамант падпісалі дамову. Там было шмат нацыстаў, было вельмі шмат бойкаў, калі людзей білі, прычым білі так ціха, дзесьці ў лесе, вось менавіта ахоўнікі. Бойка была ў самім лагеры, менавіта з намі, з беларусамі, у асноўным з гарадзенцамі, бойка таксама з аховай. Ім штосьці не спадабалася, яны пачалі адразу біць, збілі вельмі шмат тады гарадзенцаў, мы тады не чакалі. Канешне, там далі адпор, але прабачце, там такія машыны два на два і цвярозыя, і плюс мы сядзелі ў асноўным. Вось такія ўспаміны…

Як кажа Алесь Дзянісаў, адсутнасць бясплатных візаў для беларусаў на фэст значна звужае магчымасці колькаснай перавагі беларусаў.

Кірыла Богуш  вакаліст гурту „Tlusta Lusta”:

– Першыя мае ўражанні – гэта напэўна 2006 год. Мы былі першы раз на „Басовішчы” з братам, тады мы ўпершыню прыехалі ў Польшчу. У мяне быў культурны шок, бо некалькі кіламетраў ад Беларусі, а зусім усё іншае – іншая краіна, вольнасць нейкая, адчуваецца свабода.  Беларусаў было  дастаткова ў тыя часы, сябры і знаёмыя, якіх у Беларусі не так часта сустракаў, а вось на „Басы” яны ездзілі, таму там сустракаліся. У 2008 годзе ў нас ужо быў склад гурту, праводзіліся рэпетыцыі, перыядычна адбываліся канцэрты, спрабавалі запісаць першы альбом. Падалі заяўку, неяк так усё склалася, што трапілі на конкурсную частку. Перад „Басамі” ў нас было „Амбасовішча”, нас запрасілі. Нам патэлефанавалі: “Прыязджайце і грайце”. Мы трапілі на конкурсную частку – занялі трэцяе месца на „Амбасовішчы”, а праз тыдзень было „Басовішча”. Цікавіліся і ведалі, хто там будзе, хто прайшоў, хто заяўкі падаў. Падаецца, там было гуртоў сорак. Ацэньвалі свае магчымасці, спадзяваліся на перамогу, ехалі туды, каб у першую чаргу паказаць сваю творчасць, паўдзельнічаць і адпачыць. Я з задавальненнем ехаў на Басы.  

Я чытаў у інтэрнэце, што раней былі пытанні, што мызыканты пад алкаголем, але калі мы былі на Басах, то нічога дрэннага не было, усё было файна і на высокім узроўні, мне ўсё спадабалася.

На думку некаторых былых гледачоў з Гародні, цяпер фэст страціў сваё значэнне ў гуртаванні беларускай моладзі праз музыку. Галоўная прычына – гэта яго камерцыялізацыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня