Алесь Дзянісаў: Наступілі цяжкія часы для творчасці



Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў канстатуе, што зараз вельмі цяжкія часы для канцэртаў і для творчасці.

Яго сольны альбом на словы Караткевіча быў прэзентаваны толькі ў адным месцы ў Беларусі – у Віцебску, а канцэрты ў іншых месцах правесці амаль немагчыма.

– Тут розныя прычыны. Шмат розных кавярань. Напрыклад, у Менску – “Графіці”. Там можна было б зладзіць, акурат такое культавае месца і вельмі падыходзіць для акустыкі. Там дзе людзі могуць сядзець, а не стаяць. І ўвогуле гэта такая культавая музычная кавярня. Але таксама праблема з каронавірусам. І з-за гэтага людзі баяцца, не ходзяць. Тут цэлы комплекс праблем.

Па словах Алеся Дзянісава, працягваецца і праца над міні-альбомам гурта “Дзецюкі”, які таксама робіцца ў складаных умовах.

– Сітуацыя такая, што наш акардэаніст знаходзіцца ў Польшчы. Паедзе да нашых сяброў у Кракаў. Сам ён жыве ў Лодзі. Паедзе ў Кракаў на іх студыю запісвацца. Яшчэ засталося запісаць другую гітару, гэта наш менскі гітарыст, ён паціху ў сябе ў хаце запішацца. Усё астатняе ўжо запісана. Проста зараз праглядаем, бачым памылкі, штосьці выпраўляем. А так практычна ўсё гатовае. Засталося яшчэ зрабіць вокладку.

Плануецца, што міні альбом гурта пабачыць свет у 2021-м годзе, аднак з-за зачыненых межаў удзел гурта ў розных фэстах за мяжой немагчымы, Алесь Дзянісаў сёння прымае ўдзел у розных праектах толькі ў анлайн-фармаце.

Беларускае Радыё Рацыя