Алесь Дзянісаў: Паставілі галоўны праект на паўзу
Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў паставіў свой галоўны праект – гурт «Dzieciuki» (Дзецюкі) на паўзу.
Кажа Алесь Дзянісаў:
– Так атрымалася, што мы ўзялі зараз паўзу, таму што мы планавалі альбом гармідарны, там было б шмат вясёлых песень. Проста сітуацыя зараз у краіне такая, што не да весялосці і гумару. А наконт канцэртаў, самі разумееце, і кавід, і палітычная сітуацыя ў краіне. Калі б не было кавіду, мы маглі б ездзіць у Польшчу, але там таксама канцэрты не праводзяцца. Таму такая творчая паўза.
Па словах музыкі, у гэтым годзе ім з гуртом атрымалася выступіць усяго некалькі разоў:
– Дакладна адбылося 6 канцэртаў: два ў Беларусі, адзін з іх анлайн у Гародні, і чатыры ў Польшчы. На жаль, у нас было намечана шэсць ці сем фестываляў у Польшчы, летам усё гэта павінна было праводзіцца і ўсё гэта адмянілася.
Па словах Алеся Дзянісава, ён рыхтуе да выпуску з музыкамі гурта “Людзі на балоце” праект на словы Уладзіміра Караткевіча і днямі мусіць з’явіцца кліп на песню з гэтага праекту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня