Алесь Дзянісаў: Паступіла разнарадка на дазвол



Гарадзенскі гурт Dzieciuki рыхтуецца да туру па абласных цэнтрах Беларусі. Раней гурту забаранялі выступаць з-за „нізкага мастацкага ўзроўню”.

Лідар гурта Алесь Дзянісаў упэўнены, што сітуацыя мяняецца:

– Цяжка адказаць за ўсю Беларусь, напрыклад, у Гомелі ці Віцебску нам заўсёды давалі выступаць, мы выступалі ў гэтых гарадах. Я не ўпэўнены, што ёсць нейкая разнарадка зверху скінутая, што забараняць. Падаецца, што проста прыйшла такая разнарадка, што хлопцы давайце зараз усё ж такі адпусцім, давайце выступаць.

Алесь Дзянісаў упэўнены, што хутка сітуацыя зменіцца і ў Гародні:

– У самой Гародні мы сапраўды выступалі ўсяго адзін раз, і то гэта быў такі падпольны канцэрт цалкам для сваіх можна сказаць. Пры гэтым канешне трэба адзначыць, што не забаранялі тым жа байкерам нас тройчы запрашаць на свой фестываль і ніякіх палак у колы яны не ўстаўлялі байкерам, нягледзячы на тое, што афішы віселі і назва нашага гурта была на гэтых афішах. Я спадзяюся, што атрымаецца правесці канцэрт у снежні. 

Музыкі з гурта Dzieciuki паспяхова выступаюць у гарадах Польшчы, выступ адбыўся нават у расейскім Калінінградзе. У Беларусі выступы музыкаў да сярэдзіны 2019 былі даволі рэдкімі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня