Алесь Дзянісаў запрашае на фэст «UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!»



2 лютага 2020 года, у дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага, у менскім клубе “Re:public” пройдзе музычны фэст «UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!». Сярод выступоўцаў “Znich” & “Rutvica”, “Pawa”, “Стары Ольса”, Раман Арлоў і “У нескладовае”.

Акрамя таго, на сцэну клуба “Re:public” выйдзе і польскі гурт “Żywiołak”. Адным з хэдлайнераў гэтага фэста будзе гарадзенскі гурт DZIECIUKI.

Кажа вакаліст гурта DZIECIUKI Алесь Дзянісаў:

Праграма ў нас кароткая, бо там будзе шмат гуртоў. Нам сказалі, дзесьці кала 40 хвілінаў. І я не ведаю, ці гэта з падключэннем, ці без падключэння. Абавязкова прагучаць дзве песні, якія звязаныя з Каліноўскім: першай будзе “Мужыцкая праўда”, а апошняй – “Час касінераў”.

Прыезд польскага гурта “Żywiołak” стане магчымым дзякуючы Польскаму Інстытуту ў Менску. А кошт квіткоў на гэты вялікі фэст, прасвечаны Каліноўскаму, – ад 25-ці да 40 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя