“Паэт-голас”, падобны да Эйнштэйна



Я знаёмы з сённяшнім нашым героем ужо тры дзесяцігоддзі. Калі, сціпла азіраючыся па баках, у студыю пасля забароненай уладамі – спачатку Кебіча, пасля Лукашэнкі – радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” увайшоў, як тады казалі старэйшыя, “зарослы, як бітлас”, нядаўні выпускнік-філосаф БДУ з гітарай.

unnamed

Яго, “натхняючы”, лёгка падштурхоўвала ззаду тагачасная жонка і будучая рок-зорка Кася Камоцкая. Але вось легкакрылым птушанём уляцеў і запаланіў прастору яго звонкагалосы тэнарок і… стала з ім лёгка ды, нібы, даўно ўтульна. У другой палове 80-х ён пачаў выступаць як выканаўца уласных песень на вершы найвядомых беларускіх паэтаў – ад Максіма Багдановіча да Уладзіміраў Караткевіча і Жылкі. У 90-х стаў запісваць у хатніх умовах, ва ўласнай кампакт-студыі – на свае. Эпахальным для яго стала знаёмства, што перарасло ў сяброўства, сумесныя вандроўкі, выступы па краіне, а таксама выпуск двух спеўных альбомаў на вершы Рыгора Барадуліна. Нядаўна скончыў  працу над новым паэтычным зборнікам пад умоўным назовам “Неяк так”, рыхтуе восеньскі гастрольны тур. Аднак – разам “загружаемся” ў свет АЛЕСЯ КАМОЦКАГА.

РР: Пытанне асноватворнае – хто Вы, містэр Камоцкі?! Зрэшты, паводле цябе, задаю яго рытарычна і рэтраспектыўна. Бо на апошняй па часе вечарыне  “Рок-буфеце” гучала на тваю адрэсу калейдаскопам – ад “зубр беларускай аўтарскай песні” да “Камоцкі – не Высоцкі” і “бардаўскі Мулявін”…

АЛЕСЬ: (смяецца ) Увогуле, малавата ўхвалілі – маглі б і больш! Але калі без жартаў – мяне “старэйшыя таварышы” вучылі не слухаць як хваляць ды лаяць, а найперш займацца Справай. Да рэцэнзій не варта надта прыслухоўвацца, бо ў іх сёння гаворыцца адное, заўтра іншае…

РР: Дзеля самавыяўлення нейкія “вышэйшыя сілы” ці выпадак, кажуць, падаюць знакі – ці то, скажам, з’яўленне выявы Анёла ці самой Дзевы Марыі, ці – што больш даходліва – наўпрост удар маланкай, як Мішэлю Настрадамусу, пасля чаго той стаў бачыць будучыню…

АЛЕСЬ: Мяне дык нічога ані “ляскала”, ані “азарыла” – мо што й было, але ў падсвядомасці. Тым больш, спачатку на свае вершы пісаць не насмельваўся, аж пакуль Слова не рассмакаваў. Пасля стаў пісаць сам – не толькі для сябе, але і для другіх…

unnamed3

РР: Тым ня менш, што стала першакрыніцай таго, што адразу стаў спяваць і пісаць па-беларуску?

АЛЕСЬ: Ад бацькі ўсё ішло – стаў у 5 год адначасова чытаць і нашы, і рускія кніжкі. Пры тым,  “уразумеў”, што мова – “сваё”. За што пасля даставаліся ўпікі ў савецкай школе.

РР: Але ва ўзгаданыя тыя часіны – сам памятую – “прыўладныя”  шматлікія паэты такія “прынагодныя” вершыкі пісалі, пасля якіх “мову”, у параўнанні з Пушкіным ды Лермантавым, “калгаснай” і называлі. Дайце веры – Максіма Багдановіча ды Алеся Разанава не надта друкавалі і не прапагандавалі. Як навучыўся адрозніваць “вершыкі” ад Паэзіі?

АЛЕСЬ: Пачуццё густу тоеснае адчуванню сапраўднага смаку жыцця. Думаю, гэта прынароджанае. Калі ў галаве нешта вышэйшае забітае тоўстай палкай кілбасы ці яшчэ якой трасцай  – няма і тае “дзірачкі”, праз якую Неба ў цябе ўнікае…

РР: Ёсць успамін пра самы экзатычны канцэрт, што ў цябе адбыўся?

АЛЕСЬ: Ну, сярод ліянаў не даводзілася, каб хвост быў неабходны! (агульны смех ). Сярод горшых – памятую. У Нацыянальным гістарычным музеі – нібы, вялізныя столі, памяшканне, ад голасу аж рэха, але жа пасля 2 дні як пасля “адхадняку” , хоць ані кроплі спіртнога ўжо не ўжываю два дзесяцігоддзі. Мне вельмі падабаецца спяваць у хатняй атмасферцы тэатральных невялікіх залаў, дзе сцены, здаецца, малітоўныя творчасцю. Нават калі ў іх замест 80 набіваецца 150 гледачоў. Увогуле, мая аўдыторыя – 200-300 чалавек. Пры гэтым не пагаджаюся спяваць “песенькі” ля кастра ці ў рэстарацыі…

РР: А філосафам па жыцці застаўся?

АЛЕСЬ: Ну дык ясна! Калі скончыў БДУ, дзядзька Лёня мой сказаў – “ну ўнівер дык скончыў, а спецыяльнасці дык у цябе няма!” На размеркаванні ня ў нас камісія прапаноўвала працу, а ў нас пыталіся – мо вы нешта можаце прапанаваць?

РР: А твая непрыязнасць да палітыкі нарадзілася ў часы “філасофскіх” год?

АЛЕСЬ: Проста ёсць чым заняцца і бяз гэтых публічных разборкаў. Яны ж не дапамогуць скласці нармальныя вершы ці пазбавіцца “хрыпаў” у голасе – акурат на яго зараз хварэю. Для мяне сапраўдны артыст той, хто сеў і на гадзіну-паўтары без тэхнічных падвыпадвертаў  трымае аўдыторыю! Канцэрты – выпуск пары. Вось апошнія паўтары гады пары і назбіралася бяз іх, на гітары граць падвучыўся… А ў праграме я розны – і джазавыя імправізацыі, і 12 кампазіцый для Змітра Вайцюшкевіча. Сумесны дыск “Паравіны году” прадаецца 11 год – лічу, паказчык! Апошнія 2 гады “ўлез” у ірландскую музыку, але знаходзіцца месца і для славутай-праславутай “Муркі” па-беларуску…

РР: Прэзентуй музыкаў, з якімі запісваешся. У мяне адразу ўсплывае імя геніяльнага музыкі і аранжыроўшчыка  Уладзіміра Ткачэнкі…

АЛЕСЬ: Рабіў аранжыроўкі мне і ня менш славуты Ігар Палівода. Яшчэ Алесь Змушка, з якім гады і гады – “выручае” хрыпатым, як у той жа “Мурцы”,  голасам. Інга Перасецкая – 10 год з ёй і яе мужам Андрэям., кантрабасіст Андрэй Лабанок – баюся каго “абідзець”… Хоць дагэтуль не хапае дзядзькі Рыгора, з якім  зтэлефаноўваліся кожны дзень цягам двух дзесяцігоддзяў. Відаць, ужо не пазбаўлюся адчування, што яго вечна не хапае. Да восені мушу скончыць раней напрацаваныя рамансы, што зараз на маім працоўным стале. ..

unnamed8

РР: Але ў тваім “актыве” і перакладныя песні з японскай мовы ва ўласнай аранжыроўцы, і выступы ў гарадзенскай сінагозе…

АЛЕСЬ: За апошнія 9 год выдаў два дзясяткі кніжак, дыскаў. Не фаліянты – бяром колькасцю! Таму тых, каго завуць “кумірамі” у мяне вельмі-вельмі шмат – у музыцы, літаратуры. І чым больш звяртаюся да іх, тым лепш і ўсім. Творчасць без меж – гэта палёт! Імкнуся і малюся, каб рабіць усё, што магу на дадзены момант і каб захоўваўся стан “усё толькі пачынаецца”…

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя