Алесь Краўцэвіч: ЕГУ можа стаць цэнтрам падрыхтоўкі нацыянальных падручнікаў
У хуткім часе дазнаемся прозвішча новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта – беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Ад новага рэктара будзе залежаць тое, ці захавае гэтая навучальная ўстанова сваю арыентаванасць на Беларусь. Апошнім часам з ЕГУ быў звязаны шэраг скандалаў, частка выкладчыкаў, не згодных з палітыкай кіраўніцтва ўніверсітэта, была звольнена.
Цяпер у спісе кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ шэсць асобаў (раней было сем, аднак паводле наяўнай інфармацыі, адзін з кандыдатаў адмовіўся ад змагання за пасаду). Сярод гэтых кандыдатаў – доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч, які адказаў на пытанні нашага радыё.
РР: Сітуацыя ў ЕГУ вельмі не простая, але вас гэта не палохае, і вы вырашылі пазмагацца за пасаду рэктара…
– Сітуацыя крызісная. Я не ведаю ўсіх дэталяў, бо я ніколі не працаваў у ЕГУ, але я ведаю некаторых асобаў, якія там працавалі, але ўжо не працуюць. Гэта ў асноўным беларускія гісторыкі, якіх па-ціху “выдалілі” з ЕГУ. І гэты крызіс яўны, бо людзі пікетуюць, падаюць у суд. Мне здаецца, што гэты крызіс звязаны не з праблемай арыентацыі цывілізацыйнай, стратэгічнай універсітэта, а з праблемай улады ў гэтым універсітэце. Я лічу, што можна гэты крызіс наладзіць. У першую чаргу тым, што не абуджаць нейкія канфрантацыі, супярэчнасці ў калектыве.
РР: То бок шукаць кампрамісныя рашэнні…
– Так. І ўвогуле я з досведу працы ведаю, што калі пачынаеш працу кіраўніка нейкай установы, то самае галоўнае правіла спачатку – не мітусіцца, не рабіць рэзкіх рухаў, не рабіць рэзкіх зменаў. Разабрацца добра ў механізме, як працуе гэтая інстытуцыя. Калі мне прапаноўвалі падаваць дакументы на конкурс, то якраз адзначалі тое, што я не быў звязаны з ЕГУ, што дае большыя шанцы на ўнармаванне сітуацыі.
РР: Адна з галоўных місій універсітэту – даваць добрую гуманітарную адукацыю беларускім студэнтам, якія такую адукацыю не могуць атрымаць у самой Беларусі. Ці ЕГУ можа даць такую альтэрнатыву, такую адукацыю?
– Сама назва ЕГУ пра гэта сведчыць. Але трэба памятаць, што ЕГУ ад самага пачатку быў прыватнай ініцыятывай. Спадар рэктар Міхайлаў арганізаваў гэтую ўстанову, гэта яго дзіця, і зразумела яго заклапочанасць лёсам гэтай установы. Але трэба памятаць і тое, што гэты ўніверсітэт пазіцыянуецца як беларускі. На маю думку, і на думку маіх калегаў, якія там працавалі, вось гэты складнік беларускасці ў дзейнасці ўніверсітэту далёка не дастатковы.
РР: А як гэты беларускі складнік можна пашырыць?
– Канешне, беларускую мову трэба ўводзіць замест расейскай, якой там даволі шмат. Па-другое, прывяду такі прыклад. Калі ЕГУ пачынаў яшчэ працаваць у Менску, мне прапанавалі прачытаць там агульны курс па ўсёй гісторыі Беларусі, які складаў 20 гадзін. Я палічыў, што гэта прафанацыя, гэта пэўны здзек з беларускай гісторыі, калі ў гуманітарным ВНУ такі “куцы” курс. Я адмовіўся тады працаваць. Тое самае, калі мы вывучаем нейкія гістарычныя моманты, калі мы вывучаем нейкія гуманітарныя аспекты сучаснага жыцця Еўропы, гэта ўсё можна рабіць у беларускім кантэксце. Калі мы вывучаем гісторыю Еўропы, абавязкова трэба экстрапаліраваць еўрапейскія падзеі на беларускую рэальнасць. Каб беларусы глядзелі на Еўропу вачыма сваёй зямлі, і каб мы ішлі праз гэты еўрапейскі ўніверсітэт у Еўропу не праз Маскву і назад кругам тысячу кіламетраў, а напрасткі, як заўсёды мы ішлі ў Еўропу.
РР: Прыгадаю, што ў падтрымку вашай кандыдатуры выступіла Рада беларускай інтэлігенцыі, і многія лідары грамадзянскай супольнасці выказаліся якраз у вашую падтрымку…
– Для мяне гэта была нечаканасць і прыемная, і якая адначасова выклікае вялікую адказнасць.
РР: Калі гавораць пра іншых кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ, то адзначаюць іх досвед працы на кіраўнічых пасадах у вышэйшых навучальных установах. Вы такі досвед таксама мелі…
– Так, я стаў прарэктарам у Гарадзенскім універсітэце ў пачатку 1994 году. Быў тады самым маладым прарэктарам у краіне, ва ўзросце 35 гадоў. І адыйшоў у сакавіку – пачатку красавіка 1995 году, калі ўвосень абралі Лукашэнку, і да вясны стала зразумела, хто гэта такі прыйшоў. Пачаліся там праверкі, камісіі, прыезды розныя. Прымушалі вешаць партрэты Лукашэнкі, я ў сваім кабінеце яго не павесіў. Я не проста звольніўся з універсітэту, я адыйшоў на павышэнне кваліфікацыі. Я пайшоў у дактарантуру, якую паспяхова скончыў, абараніўшы доктарскую дысертацыю. Я зышоў з Гарадзенскага ўніверсітэту свядома, тым больш, што для ўсіх гэтых камісій я быў добрай мішэнню, паколькі меў рэпутацыю нацыяналіста і быў самым маладым у краіне. Але ў мяне на пасадзе прарэктара быў цікавы досвед, бо якраз уваходзіў у дзеянне Закон аб мовах. Я быў старшынёй камісіі па выкананні Закона аб мовах. У 1994 годзе пры міністры Гайсёнку нас схілялі да пераводу навучальнага працэсу на беларускую мову. У нас ва ўніверсітэце 60 працэнтаў выкладання на педагагічных плынях перайшло на беларускую мову за паўгода.
РР: І не было праблемаў?
– Праблемаў не было. Былі два стымулы. Першы – гэта лісты ад міністра, які пісаў, што трэба паскорыць працэс пераводу выкладання на беларускую мову. Па-другое, матэрыяльная стымуляцыя. Я мог павышаць заробак за выкладанне па-беларуску да 20 працэнтаў. І калі пазней прыязджалі гэтыя камісіі лукашэнкаўскія, яны шмат чапляліся, але ніхто ні разу мне не сказаў, што я некага прымушаў пераходзіць на беларускую мову. Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай, як ва Украіне ўкраінская. Дубляж фільмаў на беларускую мову. Паступовы перавод школьніцтва на беларускую мову. Стварэнне роўных умоваў канкурэнцыі, бо, канешне, уплыў расейскі застаецца вялікім, і яму мы можам супрацьставіць толькі нашую з’яднаную дзяржаўную нацыянальную палітыку.
РР: Як вы мяркуеце, цяпер было б магчыма так хутка правесці гэты працэс?
– Я думаю, што было б магчыма, калі б прэзідэнтам стаў Зянон Пазняк, то на заўтра палова беларусаў загаварыла б па-беларуску. Пакуль гэта магчыма, і ніхто б не змушаў. Напрыклад, у нас фізік з Расеі працаваў, яму трэба было падпісаць заяву, я б яе падпісаў і па-расейску, але ён сядзеў з сакратаркай, перакладаў. Гэта такі падыход: кіраўніцтва гаворыць, трэба да гэтага прыстасоўвацца. Гэта таксама асаблівасць нашых людзей – прыстасоўвацца.
РР: Хачу адзначыць, што выдавецкая дзейнасць у вас вельмі актыўная…
– Калі я скончыў дактарантуру, мне ўжо было пад 40 гадоў. Паўтара гады быў на стажыроўцы ў Ягелонскім універсітэце, гэта быў добры досвед. Прыйшоў да высновы, што трэба дзяліцца досведам, трэба пісаць. У навуковай дзейнасці для мяне вельмі важнае стварэнне тэкстаў. Акрамя навуковых, таксама і папулярных гістарычных. Не хачу, каб гісторыю нам расказвалі дылетанты. Няхай гэтым займаюцца прафесійныя гісторыкі. Цяпер я праводжу такі эсперымент – пішу сінтэзу ВКЛ, гэта і навуковая праца, з навуковым апаратам, спасылкамі, выверанымі высновамі, але адначасова з літаратурнымі апрацоўкамі. У мінулым годзе выйшла першая кніжка “Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага”. Яна вельмі хутка разыйшлася. І цяпер вельмі хутка з’явіцца працяг гэтай кнігі да канца гаспадарання Альгерда пад назовам “Дуумвірат Альгерд – Кейстут”. І гэта вельмі важная справа, мяркую гэта працягваць, і лічу гэта для сябе найважнейшым.
РР: Вяртаючыся да ЕГУ… прагнозаў рабіць не будзем?
– Прагнозаў рабіць не будзем. Там сапраўды працэдура выбараў не празрыстая, але ў прынцыпе гэта права тых людзей, якія выдаткоўваюць грошы на гэты ўніверсітэт. Не зусім карэктна вучыць іх, як выбіраць менэджэра той установы, якую яны фінансуюць. Сказаць нічога нельга, пэўныя шанцы ў мяне ёсць. Не крыўдзячы тых людзей, якія закладалі гэты ўніверсітэт, тым не менш трэба памятаць, што гэты ўніверсітэт выступае і бярэ фінансы як універсітэт беларускі. І таму гэта нельга лічыць толькі прыватнай справай, прыватнай фірмай. ЕГУ можа перазтварыцца ў кузню не толькі кадраў, людзей з еўрапейскай адукацыяй, якія яе атрымалі на аснове беларускай культуры, ён можа, напрыклад, пераўтварыцца ў цэнтры выдання, напісання падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах. Іх трэба ўжо зараз рыхтаваць, таму што гэты рэжым, які знішчыў старыя падручнікі часоў першай незалежнасці пачатку 90-х гадоў, ён рана ці позна абваліцца. Нам трэба мець па кожнай гуманітарнай спецыяльнасці некалькі варыятыўных падручнікаў. У ЕГУ ёсць усе шанцы стаць такім цэнтрам падрыхтоўкі нацыяльных беларускіх падручнікаў.
Прозвішча новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта павінны агучыць да першага сакавіка, не выключана, што і раней. Прыгадаем, што ЕГУ, закладзены ў Беларусі, у 2004 годзе быў зачынены ўладамі, а з 2005 году аднавіў сваю працу ў Вільні.
Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам гутарка ў гукавым фармаце: