Алесь Круткін: Рок-гурты былі ў авангардзе нацыянальнага адраджэння
Даследчык беларускай нацыянальнай культуры, палачанін Алесь Круткін свярджае, што ў працэсе нацыянальнага адраджэння Беларусі вялікую ролю адыграла беларуская рок-музыка. На гэтую тэму ў свой час ён напісаў курсавую працу ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Пра беларускую музыку канца 80-х сярэдзіны 90-х Алесь Аркуш пагутарыў з маладым даследчыкам.
Алесь Круткін: Мая курсавая праца – яна не пра жанры ў музыцы. Гэта не культуралогія. На абароне гэтай працы адзін з выкладчыкаў запытаўся: а ці не будзе гэта больш культуралогіяй, бо гэта пра музыку? Я сказаў, што як гралі я ўвогуле не разбіраў, я разбіраў менавіта тэксты і як гэта ўплывала на грамадства. Бо ў этналогіі ёсць некалькі нацыянальных працэсаў, напрыклад, заняпад нацыі, генацыд, а ёсць адраджэнне. Гэта таксама лічыцца ў этналогіі этнічным працэсам. І вось як менавіта рок-гурты паўплывалі на гэты працэс. І самае цікавае, што ў выніку працы я прыйшоў да такіх высноў, што беларускамоўныя гурты, можна так сказаць, ішлі ў авангардзе. Нават больш чым палітыкі, чым Народны Фронт, чым фронтаўская фракцыя ў парламенце.
Алесь Аркуш: А калі разглядаць беларускую музычную рок-плыню, ці ёсць нейкая перыядызацыя? І чым адрозніваліся, напрыклад, беларускамоўныя гурты канца 80-х і ўжо сярэдзіны 90-х гадоў? Ці ёсць нейкія адрозненні?
Алесь Круткін: Безумоўна ёсць. Нават я некалькі перыядаў вылучыў. Самы ранні перыяд я асабліва не закранаў, бо там практычна няма чаго закранаць. Гэта да перабудовы, пачатак 80-х. Гэта момант зараджэння. Калі гэтыя гурты былі амаль пад забаронай, існавалі ў напаўлегальным стане. Штосьці дазвалялі “Песнярам”, але вось факт цікавы сустрэў, у 1968 годзе музыкам загадалі схадзіць у цырульню, або канцэрт мог не адбыцца. Гэта быў ранні перыяд. Прыканцы 80-х, гэта быў час перабудовы, улада ўжо не ішла на канфрантацыю. Мне распавядаў кіраўнік Наваполацкага рок-клуба Сяргей Анішчанка, калі прыканцы 80-х яшчэ быў камсамол, ён быў досыць ліберальны, з дапамогай камсамола ў розных гуртоў з’явіліся памяшканні. Напрыклад, у полацкай “Дзіды” памяшканне на мясакмбінаце. Нават у Сяргея Анішчанкі быў аклад як у кіраўніка рок-клуба. Уявіць цяпер, каб кіраўніку рок-клуба плацілі аклад… Гэта было прыканцы 80-х. А калі браць ужо пачатак 90-х, то гурты як бы ўжо дамагліся сваёй місіі – у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай. І таму пратэстная хваля знікла. На мой погляд, менавіта рок-гурты першымі распачалі нацыянальнае адраджэнне, яшчэ калі Народнага Фронту не існавала, яны ўжо у 86-87-м уздымалі сур’ёзныя пытанні. Калі паслухаць у некаторых гуртоў тэксты, напрыклад у “Уліса”, то за два гады да развалу Саюза яны прадказвалі “калі імперыя знікне”. Пасля развалу Саюза барыкадная музыка пачала знікаць. Насталі рамантычныя часы. Напачатку 90-х узніклі і эканамічныя праблемы. У гэты час каля шасці гуртоў спынілі сваю дзейнасць. У 1992-м “Мясцовы час”, “Дзіда” з’ехала ў Польшчу і там знікла, а таксама перастала існаваць віцебская “Грамада”, у 1993-м знік наваполацкі “Кадэцкі корпус”, у 1994-м – наваполацкі “Грунвальд”, у гэты ж час спыніў дзейнасць гурт “Уліс”, і “Мроя” змяніла фармат на NRM. А калі ўжо браць іншы перыяд – сярэдзіну 90-х, то тут і для “Крамы” насталі кепскія часы. Тому можна вызначыць: канец 80-х – гэта гурты перабудовы, пачатак 90-х – гурты рамантычнага часу, сярэдзіна 90-х – зноў стаў пратэстны час, то бок гісторыя вярнулася. Але я ў сваёй працы разглядаў гурты толькі канца 80-х – пачатку 90-х.
Алесь Аркуш: Калі казаць пра гурты сталічныя і правінцыйныя, ці была ў чымсьці розніца – пра што спявалі, як спявалі? Ці можна прасачыць гэтую розніцу?
Алесь Круткін: Калі казаць пра гурты сталічныя, то бок полацкія і менскія, гэта былі ў той час дзве рок-сталіцы Беларусі. У прынцыпе вялікай розніцы не было. Бо аўтры тэкстаў у іх былі пераважна вядомыя паэты. Так наваполацкі гурт Сяргея Анішчанкі “Кадэцкі корпус” спяваў песні на словы гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка. „Дзіда” – на словы Леры Сом. Спявалі на словы Анатоля Сыса, Ігара Бабкова… Можна сказаць, усе тагачасныя гурты жылі агульнай беларускай тэматыкай.
Алесь Аркуш: Гэтая твая праца – курсавая. Ці плануеш ты пашырыць яе і надрукаваць у фармаце кнігі?
Алесь Круткін: У фармаце кнігі добра было б. Яна зараз налічвае 40 старонак. Першая частка – там агульныя развагі пра нацыю, пра нацыянальнае адраджэнне. А калі браць пра музыку, то гэта старонак 20. Улічваючы тое, што апошнім часам пачалі з’яўляцца цікавыя мемуары і ўспаміны, напрыклад, Варашкевіча, то варта было б маю працу пашырыць. Калі я пісаў курсавую, мне не хапала матэрыялу. Я зараз думаю пра іншае: разбіць маю працу на асобныя артыкулы і надрукаваць. Думаю, цікавы артыкул атрымаецца пра рок-гурты Полаччыны канца 80-х – пачатку 90-х. У гэтым я найбольш дасведчаны
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.