Алесь Ксяндзоў: Беларуская літаратура заўсёды была поруч
Вядомы беларускі мастак Алесь Ксяндзоў лічыць, што на яго светапогляд паўплывала беларуская літаратура, прынамсі Уладзімір Караткевіч. Яшчэ будучы студэнтам, ён праілюстраваў паэтычны зборнік Караткевіча «Мая Іліяда». А на працягу мінулых гадоў актыўна ўдзельнічаў у калектыўных выставах, прысвечаных класікам прыгожага пісьменства. Пра што і згадаў у размове з Алесем Аркушам.
Алесь Ксяндзоў: Я магу згадаць сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Гэта адбывалася ў 80-ыя гады. У 1969 годзе ў яго выйшаў зборнік вершай „Мая Іліяда”. Мы былі такія ўзрушаныя. Я памятаю, проста натхняліся гэтай паэзіяй. У студэнцыя гады ў нас было заданне па кампазіцыі, зрабіць ілюстрацыі, памятаю, рабіў ілюстрацыі як раз да вершаў Караткевіча. Да гэтага часу некаторыя вершы з той кнігі памятаю. Мне пашчасціла пабываць на ягоным 50-гадовым юбілеі. Вечарына была ў філармоніі. Я захапіў з сабой гэты зборнік вершаў. І ён мне так просценька напісаў: „Алесю Ксяндзову – ад сэрца.” Захоўваю гэтую кнігу – яна для мяне вельмі дарагая. Пасля не раз бачыліся на нейкіх імпрэзах, на выставах.
РР: А ці захаваліся вашыя студэнцкія ілюстрацыі да вершаў Караткевіча?
Алесь Ксяндзоў: Мяне зацікавілі вершы, якія былі прысвечаны Рызе. Караткевіч напісаў шэраг такіх вершаў. Як раз у мяне былі ілюстрацыі да рыжскага цыклу. Пры пераездах, а затым дом бацькоўскі прадалі, і гэта ўсё адбывалася без мяне… Недзе на гарышчы былі і мае працы, і школьныя малюнкі, акварэлі, яшчэ былі малюнкі, якія дасылаў у „Піянер Беларусі”. І граматы там нейкія прыходзілі з „Піянера Беларусі”. Усё гэта згінула. Так што не засталося ў мяне матэрыяльных дзіцячых каштоўнасцяў.
РР: У 80-х гадах адбывалася шмат выставаў, прысвечаных Купалу, Коласу, іншым літаратурным класікам, ці ўдзельнічалі вы ў іх?
Алесь Ксяндзоў: Так, удзельнічаў. Удзельнічаў у юбілейнай выставе Якуба Коласа, як раз гэты твор пасля купіў Нацыянальны музей, а затым яны яго перадалі для экспазіцыі, на часовае захаванне, у бібліятэку Акадэміі Навук. Там ён зараз і знаходзіцца. Пасля я ўдзельнічаў, таксама была юбілейная, у выставе, прысвечанай Максіму Багдановічу. Тую працу я падараваў на маю радзіму – Крупшчыне, дзе я нарадзіўся, там была адкрылася галерэя, затым закрылася, і праца цяпер зходзіцца у мясцовым Палацы культуры. Што тычыцца Купалы, так, я таксама прымаў удзел у гэтых выставах. Згадваецца яшчэ выстава, прысвечаная Гусоўскаму, як раз тады з’явіўся пераклад „Песні пра зубра”. Усе натхняліся гэтай гісторыяй, што паэт працаваў пры каралеўскім двары ў Італіі. Былі нейкія іншыя выставы, мне ўжо цяжка згадаць. Але я актыўна ўдзельнічаў у такіх выставах. Амаль ніводнай я не прапускаў.
Цалкам размова:
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Яўгена Колчава