Алесь Лозка: Беларусам у Польшчы трэба атрымліваць беларускую адукацыю



У Варшаве анлайн і афлайн ужо год працуе нядзельная беларуская школа. У бягучых планах адкрыць філіялы такіх школ і ў іншых гарадах Польшчы, дзе пражывае найбольш беларусаў. Такая ж плануецца і ў Беластоку.

Кажа дырэктар школы ў Варшаве, шматгадовы старшыня зліквідаванага ў Беларусі Таварыства беларускай школы – Алесь Лозка:

Ініцыятыва наша простая, беларусам у Польшчы трэба атрымліваць беларускую адукацыю. Ды і не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Наша ініцыятыва, наша канцэпцыя, што гэта будзе лічыцца дадатковым навучаннем, скажам па суботах, калі гэта афлайн. Калі гэта анлайн, то можна і ў іншыя дні выкладаць прадметы беларускага кампанента. Тое, чаго няма ў Польшчы, а таксама няма ў іншых краінах – гэта значыць беларуская літаратура, гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, сусветная мастацкая культура і некаторыя іншыя прадметы. У нас ужо досвед невялікі ёсць у Польшчы. Мы працуем ужо цэлы год і цяпер у нас з’явілася такая магчымасць адкрыць філіялы беларускай школы, такія суботнія школкі ў некалькіх гарадах Польшчы, проста фінансавая магчымасць. У першую чаргу, акрамя Варшавы, у Беластоку, Познані, Гданьску, Кракаве, магчыма ў іншых. Гэта залежыць ад таго, якія класы мы зможам набраць. Набяром у Польшчы трэці клас, сёмы, восьмы, значыць мы гэтыя класы і адкрываем. Звычайна патрэбна, каб у класе было сем чалавек. Яны будуць займацца па суботах, пасля польскай школы 4-5 гадзін на тыдзень.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Праект беларуская школы выходнага дня быў прадстаўлены ў Беластоку падчас канферэнцыі, прымеркаванай да 1 Міжнароднага дня беларускай адукацыі.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя