Алесь Мара: „Да вытокаў”



4 жніўня 2015 года а 17-й гадзіне ў Гарадской выставачнай зале ад Краязнаўчага музею ў Жодзіне па адрасе вул. Дзеравянка 14-Б адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы жывапісу вядомага беларускага мастака Алеся Марачкіна (творчы псэўданім – Алесь Мара) пад назвай „Да вытокаў”. Выстава прысвечаная 75-годдзю творцы і дню горада.

unnamed12

На адкрыццё сабралася вялікая колькасць жодзінскіх мастакоў, сталых і маладых аматараў выяўленчага мастацтва, сяброў і знаёмых Алеся Марачкіна і нават ягоных жодзінскіх вучняў, якія ўжо сталі мастакамі – быў час, калі Алесь працаваў у Жодзіне настаўнікам мастацтва й крэслення.

Была цудоўная атмасфера, граў саксафон, гучалі цёплыя словы, вершы, успаміны… – адкрыцьцё выставы праводзілася на роднай мове. Алесь атрымаў падарунак на памяць ад свайго вучня, жодзінскага мастака, Мікалая Шышлова, а сам падарыў музею ўласную карціну „Ранак” з надпісам „Каб вада не высыхала”.

Далей быў невялічкі фуршэт, аўтографы на спецыяльных адкрытках з рэпрадукцыямі карцінаў, ну й канешне ж – супольнае фатаграфаванне сяброў і калегаў на памяць.

Сярод мноства цікавейшых працаў на выставе можна ўбачыць партрэт Антона Мікалаевіча, бацькі Алеся Марачкіна, які вельмі дарагі мастаку , партрэт ягонай першай настаўніцы мастацтва, якую ён вельмі помніць і шануе, а таксама маладой паэткі, грамадзкай актывісткі й журналісткі Тацяны Хмаркі (Нядбай) і яшчэ шмат чаго адметнага ды цікавага.

„Жодзіна – маё сэрца, Віцебск – мае крылы, ну а ў Менску – я ўжо сталеў”, – вось так мастак сам выказаўся падчас адкрыцця выставы, так ён ацэньвае свае творчыя й жыцьцёвыя этапы, зьвязаныя з гэтымі гарадамі.

Выстава будзе працаваць да кастрычніка з 11-00 да 19-00 штодзённа (субота: з 09-00-17-00), выходныя: нядзеля, панядзелак.

[Not a valid template]

Алесь ЛЕТА, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксей Лапіцкі