Алесь Мазанік дапаможа “рублём” медыкам і калегам



Беларускі прадпрымальнік, уладальнік imbryk.by Алесь Мазанік распрадае ўнікальную калекцыю беларускіх кнігаў, а грошы адправіць на дабрачыннасць.

Пра кнігі распавядае Алесь Мазанік:

– У калекцыі натуральна пераважаюць аўтары апошніх 20-30 гадоў. Такія як Валянцін Тарас, як Рыгор Барадулін, Ніна Мацяш і іншыя. Але сярод іх ёсць і сапраўды рарытэтныя аўтографы, напрыклад, ёсць кніга Адама Русака з дарчым аўтографам,  ёсць некалькі кніг Ніла Гілевіча, ёсць нават кніга Зянона Пазняка пачатку 90-х гадоў.

На думку Алеся Мазаніка, грошы з продажу пойдуць на дапамогу беларускім медыкам, а таксама калегам – крамам з правінцый.

– Першая і асноўная задача – гэта падтрымаць нашых медыкаў, і палову сродкаў ад грошай, якія будуць атрыманыя за непасрэдна гэтыя кнігі, яны пойдуць на дапамогу медыкам. Але вось я даведаўся пра тое, што тры мае калегі, нашы беларускія крамы “Князь Вітаўт” у Берасці, “Росквіт” у Баранавічах і “Адметнасць” у Гародні вырашылі аб’яднацца і стварыць краўдфандынг, і вось я таксама нейкую часту яшчэ пастараюся на гэты краўдфандынг накіраваць.

Алесь Мазанік вядомы не толькі сваёй крамай, а таксама інтэлектуальнымі гульнямі “Імбрыкі і імбрычкі”, якія падчас пандэміі каронавірусу адкладзеныя на невядомы час.

Беларускае Радыё Рацыя