Алесь Плотка: Замах на класіку – гэта нешта новае



Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў прадмову да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і два ананімныя вершы са зборніка, якія прыпісваюцца даследчыкамі да творчасці класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Гаворка ідзе пра вершы „Гутарка старога дзеда” і „Плывуць вятры”.

Як ставіцца да тэндэнцыі, калі дзяржава прызнае „экстрэмісцкімі” творы класічнай літаратуры? Пра гэта і іншае слухайце ў перадачы „Госць Рацыі” меркаванні літаратара Алеся Плоткі ў размове з Міколам Бянько.

– Можна павіншаваць паважанага калегу з такім нечаканым паваротам. Гэта ўсё чарговы маразм, як яго каментаваць. Мы ўсе ў шоку. Хочацца пагаварыць пра гэта, а што пра гэта сказаць, нават і не ведаю, хіба што „маразм крепчал”. Мне падабаецца, што мы сталі больш рэфлексаваць. Я сёння ўсіх віншую з пазачарговым днём Дуніна-Марцінкевіча. Я не ведаю, як яшчэ рэагаваць. Я рады, што ў нас стала больш крэатыўных рэакцый, я думаю, што кожны такі крок будзе выклікаць толькі павышаную ўвагу да літаратуры, да добрых літаратараў.

РР: Як раз хацеў спытаць, прагназуеш ты ці не, павышэнне ўзроўню цікавасці?

– Я думаю, што так. Я не падзяляю думку, што наш народ нейкі дурны, нягеглы. Няпраўда, наш народ вельмі мудры і ўсё разумее. Паслухайце, у свой час былі „чорныя спісы”. Давайце ўзгадаем, як гэта было, туды траплялі кнігі. Мы жартавалі тады часам, пакалывалі адзін аднаго. Быў адразу ўсплёск цікавасці, калі нешта было забароненае. Часы былі канешне „траваядныя”, агульная атмасфера была весялейшая, можна было прасцей да гэтага ставіцца. Але я думаю, што гэта нікуды не сышло. Чакаю надпісаў на партах, што побач з Nirvana і Metallica будуць з’яўляцца словы Дунін-Марцінкевіч, Някляеў. Прабачце, акрамя саркастычных у мяне няма ніякай рэакцыі да гэтага. Фотажабы, крэатыўны кантэнт. Раю ўсім паспець набыць кніжкі пра Дуніна Марцінкевіча, яго творчасць, добрая нагода.

РР: Як можна ахарактарызаваць людзей, якія прымаюць падобныя рашэнні?

Папулярызатары, прамоўтары. Калі пачынаецца махавік рэпрэсій, то гэта ўжо ўсё было ў 1930-я. Мы зараз да іх пастаянна звяртаемся. Але ж было і гэта таксама, публікацыі, якія вымаліся, гатовыя тыражы кніг знішчаліся. Ну вось тое самае. Значыць гэта тыя ж людзі камісарскага мыслення, але замах на класіку – гэта нешта новае. Аказалася, што можна прабіць чарговае дно. Зноў двоечнікі прымаюць такія рашэнні.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя