Алесь Пушкін і Вацлаў Ластоўскі наведалі Полацак



Беларуская мова і выяўленчае мастацтва. Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін на полацкіх курсах “Жывая мова” прачытаў лекцыю пра сучаснае беларускае актуальнае мастацтва, якую назваў “Жывы Вацлаў Ластоўскі!”.

Падчас лекцыі ён паказаў некалькі фільмаў пра свае выставы і перформансы. У якасці сюрпрызу мастак прывёз адзін са сваіх твораў – партрэт вядомага дзеяча беларуская адраджэння пачатку 20 стагоддзя, пісьменніка, гісторыка, філолага Вацлава Ластоўскага. “Полацак для мяне заўсёды быў і ёсць знакавым месцам”, – кажа Алесь Пушкін.

– Я з радасцю прыняў запрашэнне прыехаць у Полацак Сяргея Хвасцёнка, бо: Полацак, мая выстава 1995 года ў полацкім Сафійскім саборы з канцэртам Ксеніі Пагарэлай, прысвечаная 300-годдзю Магілёўскай катэдры, э рэканструкцыямі, з фрэскамі, з праектам рэстаўрацыі – гэтая падзея запомнілася мне на ўсё жыццё. Полацак для мяне шчаслівая пара, бо заўсёды чамусьці асацыюецца з летам. Лета, Полацак, Сафія, канцэрты – вось гэта назаўсёды ў маёй памяці.

Па заканчэнні лекцыі Алесь Пушкін разам з партрэтам Вацлава Ластоўскага наведаў камень Таварыства Вольных Літаратараў, узняўся на Замкавую гару, дзе стаіць Сафійскі сабор, а таксама сфатаграфаваўся каля дуба Вацлава Ластоўскага ў цэнтры горада.

Мастак таксама выказаў думку, што побач з Сафійскім саборам не месца кадэцкай вучэльні, якую хочуць тут размясціць полацкія гарадскія ўлады.  

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя