На Крапівенскім полі пачалося святкаванне 500-годдзя Аршанскай бітвы



На Крапівенскім полі пачалося святкаванне 500-годдзя Аршанскай бітвы. Удзельнікі ўрачыстасцяў усталявалі на месцы бел-чырвона-белыя сцягі, адбыўся таксама малебен.

На святкаванні з Менску прыехала на аўтобусе больш за 20 чалавек, двойчы іх спынялі міліцыянты і папярэджвалі, каб яны не заяжджалі ў Воршу пасля святкаванняў.

Перад пачаткам імпрэзы старшыня Крапівенскага сельсавету папярэдзіў, каб тут не праводзілі палітычныя мерапрыемствы, пасля сябе прыбралі тэрыторыю і каб ўвечары ўсе раз’ехаліся.

На Крапівенскім полі знаходзяцца каля 30 чалавек, сярод іх мастак Мікола Купава, гісторык Алесь Краўцэвіч, грамадская актывістка Ніна Багінская. Тут жа ўжо тыдзень праходзіць мастацкі пленэр, які ладзіць Алесь Пушкін. (svaboda.org)

P1000683

Пад Воршай, дзе сёння маюць адбыцца мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю Аршанскай бІтвы, дзяжураць пасты міліцыі.

Раней Аршанскі раённы выканаўчы камітэт забараніў правядзенне 6-га верасня на КрапІвенскім полі фэсту і канцэрту.

Мастак Алесь Пушкін разам з калегамі-мастакамі Генадзем Драздовым, Рыгорам Батальёнкам, Лявонам Грышуком ды іншымі сябрамі Саюза мастакоў і суполкі «Пагоня» праводзіць пленэр на месцы знакамітай Аршанскай бітвы.

P1000707

Па словах мастака, на жаль, ушаноўваюць месца беларускай вайсковай славы не беларускія вайскоўцы, а творчыя людзі і грамадскія дзеячы:

Пішам поле само. Поле ў стане ўзараным, трактары на ім раскідаюць гной. У дзяржавы свая канцэпцыя святкавання 500-годдзя слаўнай бітвы. На гэтым полі, дзе была бітва, якой можна ганарыцца, няма манумента. Ёсць толькі дубовы крыж, усталяваны ў 1992 годзе. Каля гэтага крыжа ўсё ўзарана, ёсць яшчэ камень з шыльдай “Вечная слава героям Аршанскай перамогі 1514 год”. А таксама тры камяні ў гэтым годзе з’явіліся з выявамі Сапегі, Хадкевіча і гетмана Астрожскага.

Па выніках мастацкага пленэра запланаваная выстава прац мастакоў. 8-га верасня споўніцца 500 гадоў з дня перамогі 30-ці тысячнага войска ВКЛ Канстанціна Астрожскага у Аршанскай бітве над васьмідзясяці-тысячным войскам Вялікага Княства Маскоўкага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя