Алесь Пушкін у Гародні
Знакаміты беларускі мастак Алесь Пушкін адкрывае 19 сакавіка ў Гародні выставу сваіх прац.
Выстава будзе адбывацца ў Цэнтры гарадскога жыцця Гародні, тут можна будзе пабачыць працы Алеся Пушкіна не толькі як мастака, але і як рэстаўратара:
– Цэлы год з 9 сакавіка 2020 года я працую над эскізамі роспісу старога замка. Гэта мая праца ў “Белрэстаўрацыі”. І наша адкрытае таварыскае прадпрыемства “Белрэстаўрацыя” ўдзельнічае ў тэндары з гэтай працай. Я спадзяюся, што гэта транспарэнтнасць, што я адкрыта прывёз і паклікаў гэтых зацікаўленых людзей.
Таксама на выставе можна будзе пабачыць працы Алеся Пушкіна за апошнія 10 год:
– Апошні раз я быў у Гародні ў 2011 годзе ў галерэі ”Крыга” па запрашэнні спадарыні Марысі Мацко. За гэты час, 10 год, я зрабіў пэўныя вядомыя перформансы ў Смаргонях памяці Расціслава Лапіцкага, напісаў партрэт Яўгена Жыхара. Зараз гэта вельмі актуальная тэма, таму што на Гарадзеншчыне і Беласточчыне актуальны Рамуальд Райс, “выклятыя жаўнеры”. У нас ёсць свой „апошні самурай” – Яўген Жыхар.
Выстава будзе ладзіцца да 23 сакавіка, а яе адкрыццё адбудзецца 19 сакавіка 2021 года а 19-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча