Алесь Радзюк: Для нас вайна 1812 не была айчыннай
У Гарадзенскай „Краме Ц” прайшла чарговая сустрэча з адмыслоўцам па тэме Напалеона Банапарта і яго вайсковай кампаніі 1812 года.
З публічнай лекцыяй выступіў кандыдат гістарычных навук Алесь Радзюк:
– Для нашых зямель гэтая вайна не была айчыннай. Увогуле ў расейскай гістарыяграфіі існуе такая цікавая тэндэнцыя – вылучаць нейкі адзін кавалак нейкай вялікай падзеі і надаваць яму нейкую адметнасць. Напрыклад, чамусьці толькі ў савецкай гістарыяграфіі вылучаецца Вялікая айчынная вайна, і нідзе ў замежнай гістарыяграфіі сур’ёзна такое пытанне не ўспрымаецца. Таму Айчынная вайна 1812 года – гэта адзін невялічкі адрэзак бясконцага шэрагу войнаў антынапалеонаўскай, антыфранцузскай кааліцыі.
Слухачы сярод іншага даведаліся, чаму рэформаў не дачакаліся жыхары былога Вялікага Княства Літоўскага пад французскім пратэктаратам у 1812, як Беласточчына была перадана Напалеонам Расеі і далучана да Гарадзенскай губерні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня