Алесь Рыжы: Чытач у папяровай кнігі заўсёды будзе



Вядомае гарадзенскае выдавецтва „ЮрсаПрынт” актыўна шукае чытача. У тым ліку і праз сталыя абнаўленні свайго дызайну. Ужо год дзейнічае сайт выдавецтва, дзе ёсць шырокае поле для пазнавання майстэрства друкара, а таксама бібліятэчка некаторых беларускіх кніжак, якія выйшлі з-пад варштату гэтай прыватнай установы.

Чытач будзе заўжды, кажа галоўны рэдактар выдавецтва Алесь Рыжы:

– Для мяне гэта такое пытанне, як музыка. Калі ўзяць 60-70-80 гады, усе слухалі музыку на вінілавых кружэлках. Затым з’явіўся фармат СD, потым з’явіўся электронны фармат. Але сапраўдныя меламаны заўжды слухаюць музыку на вініле. Што таксама раблю і я, бо гэта зусім іншае. Менавіта так і кніга друкаваная. Канешне, шмат выданняў можна спампаваць з інтэрнэту.

Праблема распаўсюду папяровай кніжкі ў прыватных выдавецтваў вырашаецца з цяжкасцямі. Бо 90% кніжак на паліцах дзяржаўных кнігарняў належаць таварыству „Белкініга”. Чамусьці кніжныя гандляры з неахвотай шукаюць навінкі ў прыватных выдавецтвах, каб размясціць іх на паліцах для пакупнікоў. Чым недазваляюць існаванню канкурэнцыі.

Кажа Алесь Рыжы:

– Яны не маюць дачынення ўвогуле да таго, што выходзіць, напрыклад, у Слоніме, або ў Лідзе. Вельмі цікава, ёсць лідская кнігарня, якая так і не паклала на свае паліцы добрыя выданні Леаніда Лаўрыша, або Судніка. Гэтыя кнігі не прадаюцца ў Лідзе.

І астатняе — выдавецтва пераходзіць да новай уласнай назвы, якая зменіцца на выдавецтва „Літара”. Гэта будзе на працягу года. У марах выдаўца Алеся Рыжага: імкнуцца адкрыць уласную кнігарню, дзе маглі б адбывацца кніжныя прэзентацыі і імпрэзы, а таксама рэалізацыя ўласнай прадукцыі, якой ужо набярэцца на добрую бібліятэку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя