Алесь Шатэрнік: Здзівіла мяне Няміга незвычайнай празрыстасцю вады



Скульптар Алесь Шатэрнік, які цяпер жыве ў ЗША, піша ўспаміны, дзе згадвае жыццё пасляваеннага Менску.
Пасля Другой сусветнай вайны сям’я Шатэрнікаў жыла на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску.

Алесь Шатэрнік згадвае: „У 1948-49 годзе цэнтр Менску – гэта менавіта Верхні горад. Яшчэ былі жывыя гістарычныя гарадскія назвы. На слых мажліва было пачуць – Плошча Свабоды, Верхні рынак і Ніжні базар.

Па Школьнай на Нямігу

З Плошчы Свабоды ад канца вуліцы Рэвалюцыйнай ішла ўніз да Нямігі Школьная вуліца. Па вуліцы Школьнай каталіся на санках і лыжах зімою. З Рэвалюцыйнай па Школьнай спусцімся на Нямігу… Павернем налева і пабачым жыццё вуліцы: тачыльшчыкі нажніц і нажоў. У летнюю спякоту працаваў магазін „Сокі-Воды”. Цёткі ў фартухах – рукі чырвоныя, як лапкі ў гусынь ад халоднай вады. Жоўты – лімонны сіроп, чырвоны – вішнёвы, смачны вельмі. Насельнікі Нямігі народ з гумарам і часам можна было пачуць: „У вас ёсць воды? Не воды, а вада! Ну так дайце (наліце) мне шклянку!”. Правая частка Нямігі – камісіёнка і „Гастраном” з селядцамі і кракаўскімі кілбасамі. Падняўшыся да Замчышча, можна прайсці да гастранома на Нямізе, дзе цётка Соня Кравец прадавала на вуліцы вялікіх сялёдцоў з бочак. Лёс гэтай жанчыны, якая перажыла трагічны Час Менскага гета, відаць, патрабуе асобнага ўспаміну…

Чорная рэчка

Няміга – ёмкая назва вуліцы і рэчкі. Няміга, схаваная ў падзямеллі, у так званым калектары. Так і бяжыць пад зямлёю. Аднойчы быў сведкам, калі Няміга вызвалілася з затачэння ў вусці сваім пры ўпадзенні ў Свіслач, калі было спушчанае рэчышча Свіслачы з мэтай ачышчэння дна яе. Здзівіла мяне Няміга незвычайнай празрыстасцю вады, бо маё ўяўленне захавала чорную ваду ў рацэ, якая цякла пасярэдзіне вуліцы – чорная рэчка. „Чорная рэчка” – так называліся і акварэльныя фарбы знакамітай Ленінградскай фабрыкі мастакоўскіх прыналежнасцяў, такую каробачку акварэлі, выклікаючы трапятанне ў „ИЗОстудыйцаў” у дадатак з калонкавым пэндзлем, выдаваў нам Сяргей Пятровіч Каткоў ці Алег Вікенцьевіч Луцэвіч у выглядзе прэміяльных.

Карабан

Ніжні рынак, дзе Няміга зліваецца са Свіслаччу – месца вельмі насычанае. Пераезд на другі бок Свіслачы праз драўляны мост, да лазні, ці то вышэй да Опернага. Вышэй берага ўздымалася гара Менскага замчышча. Каля маста праз Свіслач добра лавілася рыба. Тамака мажліва было сустрэць гэткую знакамітасць, як Карабан, а ўжо пару вязак плотак купіць не было праблемы. Нашымі суседзямі на вуліцы Рэвалюцыйнай былі Ежыкавы – вялікая кватэра на некалькі пакояў, калі яны з’ехалі, туды засялілі шматдзетную сям’ю Карабанаў. Юзік Карабан лавіў плотак ля маста, насупраць лазні. Карабан быу п’янтос, да яго звярталіся аматары рыбы і ён прадаваў рыбу, а за вязку плотак купляў чакушку гарэлкі. Мелі Карабаны пяцера дзяцей. Юзік Карабан быў мужычок невялікага росту, спрытны такі выпівоха. Нават не прыгадаю: ці працаваў дзе і ці меў нейкую прафесію. Вялікае сямейства – пяцёра дзяцей. Юзік у Менску быў слынны рыбак, да яго звярталіся салідныя людзі – аматары рыбалкі ў так званую ,,праводку”. Вакол Менска хапала маляўнічых прыгожых і чысцюткіх рэчачак – Усяжа, Волма, Пціч, Свіслач. Рэчкі з хуткімі перакатамі вады. На кручок чапляліся ці то вялікі авадзень ці то майскі жук, і паклёўкі здараліся – лавіліся вялізныя галаўлі ці язі. Гэтым майстэрствам і славіўся Карабан, таму да яго прыязджалі і бралі на рыбалку вядомыя людзі мастакі, пісьменікі, наменклатуршчыкі. Як рыбак Юзік Карабан меў вялікі аўтарытэт.

Пішу гэтыя словы 30 снежня 2021 года пад Новы Год на выспах у цёплых Карыбах, а мне здаецца нібыта кранаю Менск, дзе маразы”.

Беларускае Радыё Рацыя