Алесь Сураў у Гародні з выставай “Вобразы на палітрах”
Гарадзенская арт-кавярня “Палітра”стала месцам правядзення персанальнай выставы вядомага мастака Алеся Сурава.
Выстава, дзе змешчана больш за тры дзясяткі працаў, мае назву “Вобразы на палітрах” і пра яе адметнасць кажа аўтар Алесь Сураў:
– Пачаў з уласнай палітры не выкідваць, як раней. Я пачаў закідваць іх у куток і фактычна за некалькі год сабралася іх 30 штук. Пасля выпадкова на адной з іх убачыў нейкае аблічча. Крыху дамаляваў і падумаў, Божа, гэта ж рэальна выдатная рэч, калі можна з палітры зрабіць нешта далей. І я пачаў дзесьці гэтыя абліччы бачыць, дамалёўваць, але не адмыслова, а лавіць у пацёках фарбы.
На думку гарадзенскага каваля і мастака Яна Перагінца, такой выставы ў Гародні яшчэ не было:
– Цікавая сама ідэя. Я і для сябе знайшоў тут, дарэчы, прыемную і цікавую неспадзянку.
Выстава Алеся Сурава будзе ў гарадзенскай кавярні “Палітра” пастаяннай, пакуль па словах мастака, нехте не прапануе яе выставіць у іншым горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня