Алесь Таболіч: Гурт быў вымушаны з´ехаць



Музыка Алесь Таболіч быў змушаны пакінуць краіну і цяпер працуе ў Польшчы.

Што падштурхнула музыку пакінуць Беларусь – распавядае Алесь Таболіч:

  –  Самае галоўнае тое, што ўся тая атмасфера, якая зараз у Беларусі, гэта ўжо сама небяспека для чалавека творчага, альтэрнатыўнага, як для кандыдата ў кандыдаты, так і для гурта Znich, чым я займаўся – адраджэннем беларускай культуры, мовы, заўсёды славіў Беларусь пад бел-чырвона-белымі сцягамі, як і татуіроўкамі. Вось Павел Белавус – гэта прыклад таго, што зараз і за татуіроўку таксама могуць пасадзіць. Не толькі таго, хто выканаў яе, але яшчэ і таго, хто рабіў яе на целе.

Цяпер, што лепшае я мог зрабіць, – гэта збегчы ад гэтых рэпрэсіяў, якія, думаю, да нас бы дайшлі ці зараз, ці ўчора, як называецца.

Ідэя гурта была цалкам падтрыманая мной, каб мы падаліся да консула і з’ехалі ў Польшчу. Нам адразу ўсё ўхвалі. Большая частка гурта Znich знаходзіцца ў Польшчы. Канешне, складаная адаптацыя, складана, што, як і ва ўсіх, засталіся родныя, знаёмыя, сябры, можна сказаць, жыццё, якое паклалася там. Але, хто будзе з’язджаць апошні, хай выключыць святло ў аэрапорце.

Проста так атрымалася, што эліта інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячаў дзесьці сядзіць у турме, як Алесь Пушкін і г.д., і гурт “Ірдарат” у тым ліку. Ці паз’язджала ва Украіну, Літву, Польшчу, Грузію. І так атрымліваецца, што калі казаць пра сучасную эліту, якая нібыта штосьці творыць, яна такая дробная. З-за таго, што няма выйсця, яны групуюцца, робяць нейкія там імпрэзы, невялічкія фэсты, культурніцкія выставы, але гэта адна і тая ж тусоўка. Няма ўжо новай эліты, якая б выхоўвалася на традыцыях. Яна, можна так сказаць, што ўжо вынішчана.

А як удаецца выжываць? Гэта, канешне, вельмі складана. Я яшчэ раз паўтаруся, хоць і ёсць праграмы, ёсць арганізацыі, фундацыі і г.д., якія павінны, я не кажу, што яны могуць рабіць, яны павінны гэта рабіць – адраджаць беларускую культуру ў той частцы, дзе яны знаходзяцца, дапамагаць людзям рабіць акцыі, імпрэзы, канцэрты, фестывалі. Дапамагаць хаця б, а не проста займацца словаблудствам.  

У планах музыкі ў Польшчы зрабіць вялікі фэст, які пройдзе ўжо ў пачатку 2022 года. Музыка таксама запланаваў вялікі выступ свайго гурта ва Украіне ўлетку 2022 года, а таксама прапануе далучыцца да арганізацыі фэсту „Купальскае кола” ў Польшчы ўлетку 2022 года.  

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя