Алесь Жамойцін: Багушэвіч практычна назваў сябе беларусам



21-га сакавіка спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння абаронцы сялянаў, абаронца роднай мовы і аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Удзельнік паўстання 1863 -64 гадоў, ён здолеў пазбегнуць высылкі. Выдаў зборнікі „Дудка беларуская,” „Смык беларускі”, якія распаўсюджваў сярод сялянаў.

„Госць Рацыі” дырэктар музею імя Францішка Багушэвіча Алесь Жамойцін:

– Пачынаць трэба з таго, што Багушэвіч прыйшоў у 19-м стагоддзі на сітуацыю, калі беларуская мова па сутнасці засталася ў карыстанні толькі ў сялянскай хаце. Для таго, каб гэтая мова займела статус сапраўднай мовы народа: у школе, у сям’і, універсітэце, справаводстве, рэлігіі, для гэтага была патрэбна праца цэлых пакаленняў. Першым з тых, хто гэту працу пачынаў у 19-м стагоддзі, быў Сыракомля, які з выдання нарысаў пачынаў папулярызацыю нашых мястэчак, гарадоў, сёлаў. Затым прыйшоў Дунін-Марцінкевіч з задачай пашырыць выкарыстанне беларускай мовы, ён ужо стаў літаратурна апрацоўваць тое, што чуў у сялянскіх хатах. Затым прыйшлі браты Каліноўскія, якія былі больш адукаваныя гістарычна. Яны судакраналіся з гістарычнымі першакрыніцамі, якія знаходзіліся ў імператарскай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе, куды мелі доступ, як штатныя працаўнікі ў свой час. Гэтыя хлопцы пачалі шукаць, збіраць матэрыял, які даў магчымасць гістарычна аформіць наша мінулае. Тое, што прапаноўвалася ў Расейскай імперыі ад Карамзіна – гэта было апраўданне ўсіх захопніцкіх войнаў Расейскай імперыі і апраўданне той пісьмовасці, якая пашыралася праз кірыліцу. У кірыліцы, як мы ведаем, месца беларускім гукам не было. Багушэвічу і астатнім у 19-м стагоддзі трэба было і збіраць матэрыял, афармляць яго, літаратурна апрацоўваць і разам з тым змагацца за нацыянальнае вызваленне. Без нацыянальнага вызвалення, без сацыяльнага вызвалення селяніна, не было размовы пра тое, што ў беларускага народа можа быць нейкая перспектыва.

РР: Францішак Багушэвіч пачаў папулярызаваць беларускую сялянскую мову.

– Багушэвіч абапіраючыся на практыку амаль 200-гадовую ад друкавання лацінкай, паколькі мы ў Рэчы Паспалітай пабылі каля 200 гадоў, а там была выдатная практыка па друкаванні на польскай мове лацінкай. Мы ведаем, што польская мова па сваім гучанні вельмі блізкая да беларускай мовы, асабліва адметныя для нас гукі – дз, дж, л, ль, астатнія. Гэта падабенства ёсць, таму Багушэвіч запісваючы моўны матэрыял, які ён чуў у беларускай хатцы, ён абапіраўся на польскі правапіс, які ўжо існаваў. Інтуітыўна афармляў так, як чуў, бо ведаў мову выдатна і сам гаварыў. Ён быў не чужы чалавек, а прадстаўнік свайго народу. 

РР: Адна асоба можа зрабіць вельмі шмат – ці так?

– Багушэвіч прыналежны да шляхты, да забяспечанага класу грамадства. Ён выдаў кніжку – зборнік вершаў „Дудка беларуская”, прадстаўляючы сябе, як частку народу. Ён сябе практычна назваў беларусам. Калі ён з гонарам прыняў усё тое, што стварыў для яго народ, працаваў літаратурна і прадставіў прафесійныя вершы, значыць ён даў дарогу наступнікам. Ён даў дарогу тым людзям, якія хацелі не толькі даць народу асвету, але і здабыць дзяржаўнасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя