Алесь Пушкін: У Беларусі па-ранейшаму існуе мастацкая цэнзура



2016 год аб’яўлены ў Беларусі годам культуры. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Значная ўвага ў будучым годзе будзе нададзена мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры. Для вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна новы год стане перш за ўсё праверкай, ці культура стане свабоднай ад цэнзуры, ці дазволяць яму адкрыць выставу, прысвечаную падзеям на Данбасе.

– З 3-га па 9-е лістапада гэтага году я быў у складзе міжнароднага беларуска-украінскага пленэру па месцах баявых дзеянняў антытэрарыстычнай аперацыі. І вось паўсталі працы. Першую працу я паказаў на юбілейнай выставе суполкі “Пагоня”, якая адбылася ў Палацы мастацтваў 24 лістапада. Цэнзура яе зняла. Я думаю, што ў 1916 годзе мы паспрабуем гэтую выставу ў поўным складзе, усё што мы напісалі на пленэры, а гэта каля 50 прац, выставіць у Беларусі.

«Самае лепшае пацверджанне лозунгаў Лукашэнкі аб 2016-годзе, як годзе культуры – будзе тое, ці зможам мы якраз у сферы культуры, пазбавіцца ад цэнзуры,» – адзначае Алесь Пушкін.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя