Альгерд Бахарэвіч: Цяпер беларусы ёсць паўсюль



Прэзентацыя кніг для беларусаў замежжа, праца над новымі выданнямі і перакладамі, удзел у літаратурных фестывалях.

Так выглядае творчае жыццё ў эміграцыі нашага сённяшняга „Госця Рацыі” – літаратара Альгерда Бахарэвіча, які падзяліўся сваім аповядам у размове з Алісай Поль.

РР: Чым вы зараз занятыя? Якія справы для вас у прыярытэце?

Мы з маёй жонкай Юліяй Цімафееевай жывем у Швейцарыі. Як заўсёды шмат публічных выступаў у розных краінах і гарадах. Зусім нядаўна мы вярнуліся з Осла, дзе ў нас быў літаратурны вечар, не толькі для беларусаў, але і для нарвежцаў таксама. У Капенгагене мясцовыя беларусы, гэта такое аб’яднанне „Беладанія”, разам з дацкім прэс-цэнтрам, падрыхтавалі анталогію беларускай літаратуры. Гэта анталогія выйдзе па дацку і па-беларуску. У Капенгаене мы будзем прэзентаваць яе, але не толькі прэзентаваць. Зберыцца добрая кампанія беларускіх творцаў, Юлія Цімафеева, я, Лявон Вольскі, яшчэ некалькі вядомых беларускіх літаратараў. Будзе такая літартурна-музычная сустрэча. 20-га красавіка ў мяне вечар у Гамбургу. Так што як бачыце нашае з Юляй падарожжа працягваецца – сустрэчы, выступы, паездкі. Вось так. Калі казаць пра апошні час, то натуральна, што для нас самай вялікай падзеяй было падарожжа ў Аўстралію. Мы выступалі на міжнародным фестывалі ў межах дзён пісьменніка Адэлаідзе, было шмат выступаў.

РР: Ці маглі б вы падзяліцца ўражаннямі ад сустрэч з беларусамі замежжа?

– Звычайна мы з Юляй правозім нашыя паэтычныя кнігі. На жаль, а можа быць на шчасце, толькі паэтычныя. Кнігі прозы, напрыклад свае „Сабакі Еўропы”, на сабе асабліва не павозіш. Гэта цяжкія кнігі, у адну валізу іх не змесціш. Таму мы звычайна прывозім нашыя паэтычныя кнігі. Беларусы прыходзяць, слухаюць, задаюць пытанні, купляюць кніжкі, вельмі ахвотна падпісваюць гэтыя кнігі. Сустрэчы нашыя, калі яны для беларусаў, то яны звычайна адбываюцца па-беларуску. Калі яны для ўсіх, то бывае з перакладам. Бывае, што Юля размаўляе па-ангельску, а я па-нямецку. То бок мы жывём у такой сітуацыі шматмоўнасці. Цяпер беларусы ёсць паўсюль. Я магу сказаць, што на кожную сустрэчу прыходзіць 10-20, а можа і 30 чалавек. То бок увага з боку беларускай дыяспары да нашай літаратуры ёсць.

РР: Якая сустрэча была самай яскравай за апошнія месяцы?

– Самая яскравая сустрэча безумоўна была ў Аўстраліі. Па-першае, гэта зусім іншы свет. Па-другое, гэта сапраўды вельмі маштабная падзея. Гэта адзін з найбуйнейшых культурніцкіх фестываляў у Паўднёвым паўшар’і. У нас з Юляй было некалькі сустрэчаў у Адэлаідзе, у тым ліку сустрэча з беларусамі Адэлаіды. На гэту сустрэчу таксама прыйшлі ўкраінцы. Сустрэча адбывалася ў беларускай царкве ў Адэлаідзе, ёсць такая царква, яна існуе ўжо даволі даўно. Самі сустрэчы з аўстралійскай публікай у Адэлаідзе, мы сапраўды былі пад вельмі моцным уражаннем. На сустрэчы прыходзіла па 500, па 1000 гледачоў. Гэта магчымасць выступіць перад вельмі вялікай аўдыторыяй, на буйным фестывалі. Безумоўна Аўстраліяй будзе ўспамінам на ўсё жыццё, гэта нешта зусім іншае, як быццам выступіць на іншай планеце.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як і ў папярэднія месяцы, да канца вясны Альгерд Бахарэвіч плануе па магчымасці наведаць яшчэ некалькі краінаў, дзе ёсць беларускія дыяспары ды сустрэцца з чытачамі. Ужо на наступным тыдні нас чакаюць сустрэчы з чытачамі ў Гамбургу і ў Капенгагене.

Беларускае Радыё Рацыя