Альгерд Бахарэвіч: У людзей з’явілася цікавасць да беларускай літаратуры
Вандроўкі па нямецкамоўных краінах ды Польшчы і выхад чатырох новых кніг. Такое цяпер творчае жыццё ў эміграцыі ў „Госця Рацыі” беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.
Творца падзяліўся апошнімі падзеямі ў сваім жыцці, а таксама распавёў, чым можа парадаваць чытачоў ужо гэтым летам у гутарцы з Алісай Поль:
РР: Чым зараз займаецеся?
– Гэтая вясна была для мяне вельмі плённай, у мяне выйшла чатыры кнігі. Такога ніколі яшчэ не здаралася, каб за тры месяцы чатыры новыя кнігі. Выйшаў нямецкі пераклад „Апошняя кніга пана А” у выдавецтве Edition Fototapeta. Пераклад гэтай кнігі зрабілі мы з выдаўцом Андрэасам Ростэкам. Вядома я вельмі ўсцешаны, што выйшлі тры мае новыя кнігі па-беларуску. Гэта невялікі раман „Плошча Перамогі”, які выйшаў у Празе ў выдавецтве „Вясна”. У выдавецтве „Кнігаўка” у Варшаве з’явіўся зборнік апавяданняў „Ператрус у музеі” і аўтабіяграфічная кніга „Хлопчык і снег”.
РР: Якія апошнія яскравыя падзеі з творчага жыцця?
– Мы з Юляй Цімафеевай, як заўсёды падарожнічаем па Еўропе. Выступаем у розных гарадах. З апошніх выступаў я б адзначыў лейпцыгскі кніжны кірмаш, які адбыўся ў канцы красавіка. Там дзякуючы выдаўцам і перакладчыкам была такая неблагая беларуская праграма. Я там прэзентаваў кнігу „Апошняя кніга пана А” па-нямецку. Юлія Цімафеева прэзентавала сваю кнігу „Менск. Горад, якога мне не стае”, іншыя беларускія аўтары. Кніжны кірмаш – гэта такая вялікая падзея для ўсіх літаратараў, выдаўцоў, чытачоў. Напэўна яе б я адзначыў, як найвялікшую і найяскравейшую падзею гэтай вясны.
РР: Тое, што ў вас выйшла чатыры кнігі, сведчыць пра вялікую запатрабаванасць?
– Я думаю, што гэта маё плённае жыццё і запатрабаванасць у беларусаў у замежжы таксама. Я бачу, як за гэтыя некалькі гадоў, што мінулі з 2020, у людзей сапраўды вялікая цікавасць да беларускай літаратуры. Кнігі вельмі добра прадаюцца. Напрыклад, калі мы возьмем варшаўскую кніжную выставу, якая адбылася ў канцы траўня, то там быў беларускі павільён і людзі вельмі ахвотна куплялі беларускія кнігі. Натуральна, я б сказаў, што прычына яшчэ і ў тым, што беларускія выдаўцы за мяжой, як Андрэй Янушкевіч, Kamunikat, разабраліся ўжо ў новай для сябе сітуацыі, актыўна працуюць, вельмі плённа. Яны зразумелі, хто яны, яны пачуваюцца больш упэўнена. Тое, што беларускія кнігі выходзяць у Польшчы, у Чэхіі практычна адна за адной, гэта сведчыць, што ёсць для каго працаваць.
У бягучым годзе ў пісьменніка Альгерда Бахарэвіча выйшла ажно 5 кніг. Гэта „Хлопчык і снег”, „Плошча Перамогі”, „Ператрус у музеі”, „Апошняя кніга пана А” у перакладзе на нямецкую мову і „Тэатр шчаслівых дзяцей”.
Беларускае Радыё Рацыя