Аліна Коўшык: Беларусы пачынаюць свядома выбіраць і жыць у беларускай прасторы



Госці Рацыі – прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык і таксама яе намеснік, спадар Павел Баркоўскі. Размаўляе з імі Улад Грынеўскі.

РР: Сёння 3 верасня, і мне хацелася б прыгадаць, што ў Беларусі быў распаўсюджаны мем, калі перад 3 верасня беларусы пускалі вось гэтую песню Шуфуцінскага. Як вам здаецца, ужо адышоў наратыў існавання нашага ў расейскай культуры, альбо ў сацыяльных сетках таксама вы бачылі вось гэтае “и снова третье сентября”?

Аліна Коўшык: Шчыра вам скажу, што я зусім не памятаю песню Шуфуцінскага, можа, я жыла ў крыху іншай прасторы, таму не магу сказаць, што ўся Беларусь жыве пад уплывам расейскай інфармацыйнай прасторы, але, канешне, ёсць пэўная частка, якая знаходзіцца пад уплывам прапаганды, пад уплывам вось гэтага расейскага наратыву, які залівае фактычна зараз беларускую зямлю, вось гэтай расейскай бетоннай музыкай, гісторыяй, гэтымі наратывамі, звязанымі з вайной. Таму, канешне, ёсць гэтая праблема і немагчыма яе не ўлічваць. Але тым не менш мы бачым і тое, што беларусы пачынаюць свядома выбіраць і жыць у беларускай прасторы. І акурат у сацыяльных сетках гэта зрабіць прасцей на дадзены момант.

РР: Спадар Павел, ці хацелася вам калісьці, ці нават сёлета, запосціць у сацыяльных сетках вось гэты мемчык пра вось гэтае “и снова третье сентября”?

Павел Баркоўскі: Не ведаю, я таксама сустрэўся з ім досыць позна, калі патрапіў ужо ў асяродкі, дзе гэтая мем-культура была папулярная, але агулам не думаю, што для беларусаў сёння вось гэтыя мемы расейскай эстрады з’яўляюцца надзвычай актуальнымі. Гэта ўжо такі адгалосак той эпохі, калі мы спрабавалі жыць у нейкай адзінай постсавецкай інфармацыйнай прасторы, калі  гэта ўсё ўспрымалася як нейкая супольная культура, звычайна расейскамоўная, натуральна.

Але сёння беларусы ўжо разумеюць, што мы не можам проста так знаходзіцца бескаштоўна ў гэтай агульнай расейскамоўнай прасторы. Што спачатку гэта ператвараецца ў “русский язык”, носьбітаў якога даводзіцца вызваляць ці даваць нейкія такія няпрошаныя дапамогі. Таму беларусы пачынаюць таксама разумець, што трэба ўжо дыстанцыявацца, шукаць хутчэй сваё, чым спажываць менавіта прадукты расейскай культуры.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя