Аліна Нагорная: Беларуская мова вернецца, калі вернецца законнасць
Неўзабаве пабачыць свет кніга “Мова 404”, у якой сабраныя аповеды пра тое, як парушаюцца моўныя правы ў Беларусі. Аўтарка кнігі Аліна Нагорная распавяла пра выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы ў гутарцы з нашым журналістам.
РР: Вы рыхтавалі кнігу, дзе збіралі розныя гісторыі дыскрымінацыі беларускамоўных. Можаце ўзгадаць найбольш яркія выпадкі ў гэтай кнізе?
Аліна Нагорная: Любая дыскрымінацыя трагічная, таму што калі мы дазваляем маленькую дыскрымінацыю, замоўчваем яе, здараецца вялікая дыскрымінацыя. Таму для мяне ўсе выпадкі яскравыя. Напрыклад, ёсць выпадак, калі чалавеку не прадалі бургер з ялавічынай, таму што не зразумелі. Можна ж ветліва перапытаць, але вельмі кепска з ёй размаўлялі. Ёсць выпадак, калі людзей збівалі за беларускую мову. Ёсць выпадак, калі за беларускую мову не бралі на працу. Ёсць выпадак калі за беларускую мову звольнілі з працы.
РР: Як вы думаеце, ці магчымае вяртанне беларускай мовы ва ўжытак масавы.
Аліна Нагорная: Беларуская мова вернецца ў Беларусь, калі ў Беларусь вернецца законнасць. Таму што зараз беларуская мова дзяржаўная, нават па цяперашняй Канстытуцыі. Дзяржаўная мова – значыць, на гэтай мове павінна быць усё – тэлебачанне, кожны дакумент, войска, адукацыя і г.д. І калі ў нас стане ўсім да закону, тады беларуская мова адразу вернецца.
У кнігу “Мова 404” увайшлі 100 гісторый, у якіх распавядаецца пра моўную дыскрымінацыю. Таксама Аліна Нагорная з’яўляецца аўтаркай дапаможніка “Абаронім мову”, які яна выпусціла разам з юрыстам Ігарам Случакам.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя