Аляксандр Абрамовіч: Хто дапаможа стварыць музей у Студзёнках?



22 траўня ў Беларусі мусіў прайсці штогадовы Фэст экскурсаводаў. Сёлета маштабнае мерапрыемства па вядомым прычынам перанесена на восень. Тым не менш краязнаўцы на месцах працягваюць захоўваць памяць паселішчаў, калі больш ніхто не можа, і нават робяць эпахальныя знаходкі.

Так наш сённяшні «Госць Рацыі» – краяўзнаўца Аляксандр Абрамовіч – распавядзе пра гісторыю паселішча і працэс пошуку легендарнага каменя Адама Міцкевіча ў вёсцы Студзёнкі Нясвіжскага раёна, а таксама пра знакамітых жыхароў Студзёнкі:

– Я вельмі рады, што ў гэтым звязку з Адамам Міцкевічам узнікла зацікаўленасць, таму што Студзёнкі маюць багацейшую гісторыю. Усе гэтыя гады я крыху збіраў матэрыял. Якія знакамітасці? Развадоўскія, Іванаў, Каліноўскі. У Студзёнках жыў Ян Развадоўскі – гэта другі муж Кацярыны Мараўскай, той знакамітай рыцарскай дзяўчыны, сястры Пане Каханку (Радзівіла). І тут ён меў Студзёнкі ў пажыццёвай арэндзе. Яго ўнук, таксама Ян Развадоўскі, лічыцца заснавальнікам горада Баранавічаў. Віктар Каліноўскі быў арандатарам маёнтка Студзёнак. Ён быў родным братам Юзафа Каліноўскага. Юзаф Каліноўскі больш вядомы як Рафал Каліноўскі –знакаміты манах-кармеліт. У часы паўстання 1863-64 года ён узначальваў Літоўскі правінцыйны камітэт Кастуся Каліноўскага. Яны сваякі, дарэчы.

Цалкам гутарку з краязнаўцам Аляксандрам Абрамовічам слухайце ў далучаным файле.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя