Аліна Коўшык: Нас чакае цікавы культурніцкі год
Вельмі важны год у культурным календары – пра гэта сказала ў нашым эфіры прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык. Напярэдадні ў Вільні прайшла працоўная сустрэча са Святланай Ціханоўскай, дзе таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай рады культуры, арганізацыі, якая дапамагае рэпрэсаваным творцам.
Супрацоўніцтва развіваецца ў розных напрамках, заўважае Аліна Коўшык. А наперадзе нас чакае цікавы культурніцкі год. Пра гэта, між іншым, казалі на сустрэчы з лідаркай дэмакратычнай Беларусі – падкрэслівае Аліна Коўшык:
-Гэты год вельмі важны з пункту гледжання культурніцкага беларускага календара: чакаюцца 105-я ўгодкі БНР, агулам гэты год – год 160-годдзя Паўстання Кастуся Каліноўскага, юбілей Сыракомлі. Так што ёсць чым заняцца. Ёсць шмат надзённых справаў, шмат стратэгічных справаў. Усё гэта мы абмяркоўвалі на нашай сустрэчы.
Гэта своеасаблівае падсумаваннне мінулага году, а таксама акрэслілі культурніцкія прыярытэты на год, які распачаўся, адзначыла Аліна Коўшык.
Як кажа Аляксандр Чахоўскі з Рады культуры, былі абмеркаваныя самыя важныя напрамкі супрацоўніцтва:
-Абмеркавалі, што мы можам рабіць разам. Бо, сапраўды, культура – перадусім. Мусілі абмеркаваць, якім чынам мы будзем захоўваць важнасць і вартасць культуры ў павестцы нашых палітыкаў. Працы сапраўды вельмі шмат. Мы вызначылі прыярытэтныя вектары, у тым ліку ўласна пагаварылі пра дзейнасць у межах культурніцкай дыпламатыі, у межах падтрымкі магчымых міжнародных партнёраў.
Сярод іх найважнейшыя: праграмы рэабілітацыі для рэпрэсаваных дзеячаў культуры, прасоўванне беларускай культуры на міжнароднай арэне і фінансавая падтрымка беларускіх культурніцкіх праектаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Аліна Коўшык