Аляксандр Чарнуха распавёў пра свой новы раман „Свінні” пра падзеі 2020 году ў Беларусі
Сёння ў эфіры „Рацыі” пабываў Аляксандр Чарнуха. Гэты журналіст працаваў у „Народнай Газеце” і на onliner by. Але сёння размаўляем з Аляксандрам-пісьменнікам, аўтарам рамана „Свінні” які ўзнік, як тэрапеўтычны адказ на падзеі 2020 году.
РР: Якім для цябе быў 2020 год?
– Як і для ўсіх нас вельмі складаны. Таму што я працаваў на пратэстах, амаль без выходных, па 20 гадзін на дзень, бачыў на ўласныя вочы ўсё, што адбывалася, і эмацыйна было вельмі складана ўсё гэта перажываць, таму што кожны журналіст у гэты час – ён яшчэ і чалавек. Вельмі цяжка не скінуць свае прафесійныя абавязкі ў гэты час. Проста дзейнічаць ужо як чалавек і грамадзянін. Таму гэта быў перыяд антыдэпрэсантаў, гэты быў перыяд цяжкіх эмацыйных і маральных перажыванняў: як усё гэта адбываецца, чаму, і калі гэта ўсё скончыцца? Гэты раман і стаў вынікам гэтых перажыванняў.
РР: Ці гэтая тэрапія ў выглядзе кнігі спрацавала?
– Так, тэрапія спрацавала. Бо я мусіў стварыць нейкае выказванне – тое што ўжо паспела, але ў журналісцкім творы ты не можаш гэта ўсё сказаць. Гэта мусіць быць менавіта мастацкі завершаны твор, якія мае пачатак і канец, і не патрабуе нейкага каментавання. Гэта проста тваё выказванне – ад пачатку да канца. Я паставіў кропку, і для мяне гэтая гісторыя скончылася.
РР: Райцэнтр «Груздзева» і вёска Качанава. Ты выпадкова даў такія імёны мясцінам і героям сваёй кнігі? Бо прыходзяць на думку лукашэнкаўскія «зоркі» эстрады – сёстры Валянціна і Аляксандра Груздзевы, і старшыня Рэспублікі Наталля Качанава.
– Тут я думаю, што чытач сам мусіць адказаць сабе на гэтае пытанне. Таму што я чуў, што ёсць такі гарадок Груздзева, і магчыма нехта пазнае гэты гарадок у творы, магчыма нехта пазнае менавіта сёстраў Груздзевых, бо гэта таксама вельмі каларытныя людзі. Качанава? Мне падаецца, што нездарма ў вёсцы Качанава і пачынаецца ўся гэтая гісторыя, якую я апісаў.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя