Аляксандр Фядута атрымае польскую прэмію імя Льва Сапегі
Беларускаму літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуце прысуджаная штогадовая прэмія імя Льва Сапегі, якая заснаваная ўніверсітэтамі Варшавы, Кракава, Ягелоніі, Вроцлава, Познані і Беластока і знаходзіцца пад ганаровым куратарствам прэзідэнта Польшчы.
Фядута атрымае ўзнагароду за навуковыя дасягненні, уключаючы абароненую ў 1997 годзе кандыдацкую дысертацыю „Праблема чытача ў творчай свядомасці А.С.Пушкіна” (Ялецкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Ліпецкая вобласць Расеі) і атрыманне звання хабілітаванага доктара гуманітарных навук (Ягелонскі ўніверсітэт) у 2017 годзе. Лаўрэат вядомы як даследчык гісторыі і літаратуры XIX стагоддзя, а таксама літаратурных і гістарычных адносін Польшчы, Беларусі і Расеі.
Прэмія будзе ўручаная Фядуце ў зале сената Варшаўскага ўніверсітэта 4 красавіка, у дзень нараджэння Льва Сапегі, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.
Узнагароду заснавалі ў 2006 годзе названыя вышэй польскія ВНУ для беларусаў, якія робяць унёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці і будаўніцтва незалежнай Беларусі, што арыентаваная на Еўропу і выкарыстоўвае найлепшыя гістарычныя традыцыі Рэчы Паспалітай, а таксама ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Першым лаўрэатам прэміі стаў гісторык і палітык Валянцін Голубеў. У наступныя гады прэмію атрымалі: 2007 — Язэп Янушкевіч (пісьменнік, перакладчык), 2008 — Сяргей Токць (гісторык), 2009 — Аляксандр Жлутко (гісторык), 2010 — Уладзімір Ляхоўскі (гісторык), 2011 — Андрэй Ляховіч (палітолаг, аналітык), 2012 — Алесь Лагвінец (палітолаг), 2013 — Пётр Рудкоўскі (філосаф, тэолаг), 2014 — Іна Соркіна (гісторык, звольненая з Гродзенскага дзяржуніверсітэта), 2015 — Аляксандр Смалянчук (гісторык), 2016 — Алесь Бяляцкі (праваабаронца), 2017 — Артур Клінаў (мастак, літаратар).
Лаўрэат прэміі на працягу акадэмічнага года мае магчымасць выкладаць у вядучых польскіх універсітэтах. Алесь Бяляцкі, уладальнік прэміі 2013 года, змог скарыстацца гэтым правам толькі ў 2016 годзе, бо знаходзіўся ў зняволенні. Яго тады „замяніў” Рудкоўскі.
belapan.by