Аляксандр Гарцуеў: Купала – гэта наша ўсё
У Беластоку з гастролямі – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з Менска. Учора, 22 красавіка, прайшоў паказ п’есы, фольк-оперы паводле паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня”. І ўжо сёння на сцэне беластоцкага Драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі – “Раскіданае гняздо”.
А наш госць – мастацкі дырэктар тэатра і рэжысёр “Раскіданага гнязда” Аляксандр Гарцуеў.
РР: Хачу пачаць нашу размову пра ўчарашні спектакль. Яшчэ перад яго паказам Таццяна Мархель, якая выконвае ў ім вельмі важную ролю, вядомая спявачка і выканаўца беларускага фальклору, сказала, што ў Беларусі якраз гэты спектакль ідзе пры поўнай залі і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод гледачоў, у тым ліку моладзі. І ўчора беластоцкая публіка падобным чынам успрыняла гэтую п’есу – усе ўсталі.
Аляксандр Гарцуеў: Гэта праўда. Спектакль “Адвечная песня” карыстаецца вялікай папулярнасцю. Пра прычыны казаць не буду, бо не ведаю. Я думаю, што Беларусь – гэта нацыя, якая прыходзіць на свой нацыянальны спектакль. Ён амаль 14 гадоў ужо на сцэне пры поўных залах.
РР: Але ж дабра без ліха не бывае. Ці даводзілася чуць крытыку?
Аляксандр Гарцуеў: Так, была крытыка. Але ведаеце, рэжысёр, які паставіў гэты спектакль, Сяргей Кавальчык – цяпер мастацкі кіраўнік тэатра імя Горкага ў Менску. І я думаю, што ўсё было зроблена акуратна і разумна. Не ўзнікае пытанняў у людзей, якія глядзяць гэты спектакль. Так, ён сучасны, музыка сучасная, але гэта Янка Купала. І мы рады, што такі спектакль ёсць, што ён даходзіць да людзей.
Аляксандр Гарцуеў: Я таксама задаволены супрацай з ім. І што тычыцца музыкі ў спектаклі, то ён зрабіў гэта цудоўна: вельмі далікатна абышоўся з музыкай, якую напісаў аўтар, але разам з тым гэта перарасло ў нешта іншае. І нас гэта вельмі цешыць.
РР: Па-мойму, асабліва моцнымі былі моманты, калі ўсе акцёры спявалі, быў супольны спеў.
Аляксандр Гарцуеў: Гэта фінал. Так, я разумею, пра што вы кажаце. І гэта праўда. Ведаеце, калі народ кажа пра тое, што ён народ, гэта не можа не крануць. І якраз учора гэта было, калі стаяў на сцэне беларускі народ і казаў, што ён народ. Няхай гэта 20-30 чалавек, але яны народ. І гэта вельмі важна.
РР: Учора мы мелі магчымасць паглядзець фольк-оперу, як самі творцы вызначылі гэты жанр, паводле паэмы Янкі Купалы. А сёння ўжо паглядзім класічную драму “Раскіданае гняздо”. Што сёння могуць чакаць гледачы ад спектакля?
Аляксандр Гарцуеў: Я скажу адразу: яны не ўбачаць людзей у сярмяжках ды лапцях, бо час, у які я паставіў герояў класічнай п’есы, – сучасны, наш час, Беларусь сённяшняга дня. Гэта і не горад, і не мястэчка. Вось што будзе чакаць сёння гледачоў. “Раскіданае гняздо” сённяшняга дня.
РР: Я адчуваю, што гэта будзе адказам на пытанне ўчарашняга вечара ад польскага крытыка Тамаша Дамагалы, які параўнаў гэтую сітуацыю з сітуацыяй у Польшчы. Ён запытаў: “Калі беларускі тэатр скіне гістарычныя касцюмы, перастане займацца класікай і справамі, якія былі актуальныя 100 гадоў таму, а зоймецца справамі сённяшняга дня?”
Аляксандр Гарцуеў: Я ўчора думаў пра гэта. Але не мяне тычылася пытанне. І я сядзеў ды думаў, што якраз заўтра вы пабачыце, як беларускі тэатр скідае гэтыя гістарычныя касцюмы. Таму сёння пабачыце сучасны тэатр, сённяшні дзень.
РР: Гэта азначае, што класік Янка Купала настолькі актуальны, настолькі жывы, што не варта яго прыпісваць толькі да канкрэтнага часу і канкрэтнага антуражу.
Аляксандр Гарцуеў: Ведаеце, гэтыя размовы пра тое, што класіка – гэта ХІХ-ХХ стагоддзе… Калі ты беларус і разумееш, што такое Беларусь, то не можа быць Янка Купала для цябе ўчарашнім днём. Бо тое, што ён пісаў 100 гадоў таму, не састарэла, яно ў нас, яно ёсць і нікуды не дзенецца. Я думаю, і яшчэ праз 100 гадоў нікуды не дзенецца. Бо Янка Купала – гэта наша ўсё.
РР: Гэта як Шэкспір для англічан, як Выспіяньскі для палякаў… Сёння “Раскіданае гняздо”. І гэта ваш не першы прыезд у Беласток, не першы крок на дарозе супрацы з беластоцкім Драматычным тэатрам імя Аляксандра Вянгеркі. Якраз пра гэту супрацу я хацеў бы яшчэ пагаварыць. Што ўжо зроблена і што наперадзе? Ці чакаць больш частых візітаў беларускага тэатра?
Аляксандр Гарцуеў: Менавіта я як асоба, будучы яшчэ артыстам тэатра імя Янкі Купалы, удзячны Анджэю Якімцу, які прабіў дарожку сюды. Гэта быў яшчэ Савецкі Саюз, а мы ўжо прыязджалі сюды. І ўсё гэта дзякуючы Анджэю, светлая яму памяць. Мы ў Купалаўскім тэатры памятаем пра яго. І не таму, што ён сюды ўпершыню нас прывёз, а таму, што ён быў залаты чалавек.
Што тычыцца сучаснасці, Тэатра беларускай драматургіі, то ўчора мы са спадарыняй Карыткоўскай размаўлялі і дамовіліся пра супольны праект. Не буду расказваць дэталі, але яна паставіць у нас, а мы – у вас. Вось такая задума.
Нагадаем, што сёння, 23 красавіка, а 19 гадзіне паводле польскага часу ў беластоцкім Драматычным тэатры імя Аляксандра Вянгеркі пройдзе паказ спектакля “Раскіданае гняздо” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з Менска.
З Аляксандрам Гарцуевым гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя