Аляксандр Памідораў: Кінуць гэты фестываль было б крыміналам
“Басовішча” крытыкуюць ад пачатку стварэння фестывалю. Заўважаюць беларускія музыкі, якія сёлета ўдзельнічалі ў 25-ым юбілейным фестывалі музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2014”.
Я заўсёды крытыкую фестываль, кажа беларускі музыка Аляксандр Памідораў, бо хачу, каб выдатная справа, якая пачалася 25-ць гадоў таму – развівалася:
– Тое, што адбываецца з арганізацыйных пунктаў на “Басовішчы”, часам глядзець на гэта вельмі крыўдна, кінуць гэты фестываль было б крыміналам, было б зладзействам. Трэба нешта зрабіць, але ў дадзеным выпадку на сённяшні момант чамусьці не адбываецца пільнага і шчыльнага кантакту з польскімі арганізатарамі, фактычна на сённяшні дзень фестываль цалкам арганізуецца з Польшчы.
Юбілейнае 25-ае “Басовішча” прайшло, але крытыка фэсту музыкі маладой Беларусі – застаецца. Прынамсі, “Басовішча” заўсёды крытыкавалі з арганізацыйнага пункту гледжання, узгадвае колішні арганізатар фестывалю Радэк Дамброўскі:
– Тое, што казалася тут за сцэнай, Аляксандр Памідораў у час кожнага з фестываляў выказваў сваю крытыку. Пры гэтым ён таксама казаў пра тое, што было добра – гэта таксама традыцыя фестывалю “Басовішча”. Заўжды ёсць людзі, якім падабаецца і якім не падабаецца.
Сёлета на юбілейным “Басовішчы” не было конкурснай часткі. На сцэне ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка пад Беластокам, выступілі дванаццаць беларускіх гуртоў, сярод якіх “Крама”, “Зніч”, “Рэлікт”, “Троіца” ды іншыя гурты, якія добра ўпісаліся ў гісторыя фестывалю. Таксама запрошаныя госці – ўкраінскі гурт “Гайдамакі” і польскі – “R.U.T.A”.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя