Аляксандр Саладуха гатовы выступіць на канцэрце да 100-годдзя БНР



Спявак Аляксандр Саладуха заявіў БелаПАН, што гатовы выступіць на святочным канцэрце з нагоды 100-годдзя БНР, які плануецца 25 сакавіка на пляцоўцы каля опернага тэатра.

„Я нядаўна даведаўся пра гэта, удакладню ў міліцыі, ці дазволенае гэта мерапрыемства. Калі так, то можна працаваць”, — сказаў артыст. Пры гэтым Саладуха ўдакладніў, што ў выпадку выступу ён будзе спяваць па-расейску.

Інфармацыя пра тое, што на канцэрт, магчыма, будзе запрошаны Аляксандр Саладуха, з’явілася раніцай 6 сакавіка ў сацсетках. Арганізатары святкаванняў казаць пра гэта пакуль адмаўляюцца.

Канцэрт і мітынг ля будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 25 сакавіка дазволены Менгарвыканкамам. Плануецца, што святочныя мерапрыемствы пройдуць з 14 ды 19 гадзін.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, гурты „Крама”, „Нейра Дзюбель”, „Амарока”, Akute. Вядома таксама, што арганізатары вядуць перамовы з Сяргеем Міхалком, лідарам гурта Brutto.

БелаПАН

Фота europaplustv.by